Дакумэнт прадугледжвае абавязковую вакцынацыю мэдычных работнікаў ад COVID-19, а таксама пашырэньне дзеяньня так званых санітарных пропускаў. Прадстаўнікі апазыцыі, якая кантралюе Сэнат, унесьлі ў законапраект шэраг паправак, якія зьмякчаюць яго палажэньні, — у прыватнасьці, увод у дзеяньне санітарных пропускаў адсоўваецца з канца жніўня на 15 верасьня, уваход на вулічныя тэрасы кавярняў і рэстаранаў і ў супэрмаркеты, на думку сэнатараў, павінен быць бяз пропуску. Непаўналетнія таксама вызваляюцца ад абавязку мець санітарныя пропускі.
Цяпер ніжняя палата парлямэнта — Нацыянальная асамблея, якую кантралююць прыхільнікі прэзыдэнта Эмануэля Макрона — павінна зноў разгледзець законапраект. Яна можа не пагадзіцца зь меркаваньнем сэнатараў і ўхваліць дакумэнт у больш жорсткай рэдакцыі.
Санітарныя пропускі будуць уключаць у сабе зьвесткі пра вакцынацыю, аб адмоўным тэсьце на каранавірус або аб наяўнасьці антыцелаў. Бяз гэтага дакумэнту, на думку ўраду і большасьці заканадаўцаў, жыхароў Францыі не павінны пускаць на масавыя мерапрыемствы, у рэстараны, у цягнікі далёкага накіраваньня. У кінатэатрах, тэатрах і музэях Францыі падобныя абмежаваньні ўжо дзейнічаюць.
У апошнія дні ў Францыі назіраецца новы рост колькасьці інфікаваных, і ўлады імкнуцца максымальна стымуляваць вакцынацыю.
Прапановы ўладаў выклікалі рэзкую рэакцыю часткі грамадзтва — хоць, паводле апытаньняў, большасьць французаў гэтыя меры ўхваляе. У суботу ў Парыжы і іншых гарадах прайшлі масавыя акцыі пратэсту праціўнікаў санітарных пропускаў і абавязковай вакцынацыі. У іх прынялі ўдзел, паводле афіцыйных зьвестак, больш за 160 тысяч чалавек.
Адбыліся сутыкненьні з паліцыяй. Прэзыдэнт Макрон рэзка асудзіў удзельнікаў акцый пратэсту, абвінаваціўшы іх у цынізьме, эгаізьме і безадказных паводзінах. Ён назваў вакцынацыю дзейсным спосабам барацьбы з пандэміяй.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ