Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незайздросны лёс прыдворных алігархаў. Чаму Чыжа зрабілі банкрутам


Лукашэнка ўзнагароджвае Юрыя Чыжа ордэнам Айчыны ІІІ ступені. 2013 год
Лукашэнка ўзнагароджвае Юрыя Чыжа ордэнам Айчыны ІІІ ступені. 2013 год

Неяк будзённа і амаль непрыкметна прайшла інфармацыя, што эканамічны суд Менску прызнаў кампанію «Трайпл» вядомага бізнэсоўца Юрыя Чыжа банкрутам.

У былыя часы гэта была б важная падзея. Але цяпер на тле штодзённых затрыманьняў, ператрусаў, судоў яна засталася на пэрыфэрыі грамадзкай увагі.

«Sic transit gloria mundi» («Так мінае слава мірская»), — казалі ў такіх выпадках у Сярэднявеччы.

Зусім нядаўна Юры Чыж быў самым багатым і ўплывовым бізнэсоўцам у краіне. Уладальнік «заводаў, газэт, параходаў» (ці, дакладней, прадпрыемстваў рознага профілю, аўтазаправак, рэстаранаў, сеткі гіпэрмаркетаў, футбольнага клюбу і інш.). Пад брэндам «Трайпл» дзейнічала звыш 20 кампаній рознага профілю.

Сам Юры Чыж уваходзіў у блізкае атачэньне Аляксандра Лукашэнкі. Гуляў зь ім у хакей, спадарожнічаў яму падчас публічных імпрэзаў, капаў бульбу і зьбіраў кавуны на лукашэнкаўскай дзялянцы ў Драздах. І атрымліваў усялякія даброты: ільготныя ўмовы ў нафтавым бізнэсе, прывабныя месцы ў цэнтры Менску для будаўніцтва дамоў ці гатэля.

Але потым нешта пайшло ня так. За льготы трэба было расплачвацца. Высьветлілася, што Лукашэнка трымае алігархаў пад рукой ня проста так. А каб у патрэбны момант зьвярнуцца да іх па грошы. І гэта стала для Чыжа непасільным цяжарам. Пачаліся вялізныя праблемы, якія нават выплюхнуліся ў публічную прастору. Быў вялізны скандал з партнэрам Уладзімерам Япрынцавым, канфлікт зь якім разьбіраўся ў судзе.

У 2012 годзе Чыж трапіў пад санкцыі ЭЗ за тое, што «дае фінансавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі» (праз тры гады гэтае рашэньне было адмененае судом Эўразьвязу). У 2016 годзе ён быў арыштаваны і праседзеў паўгода за кратамі. У сярэдзіне сакавіка 2021 году яго зноў арыштавалі. Як кажуць дасьведчаныя асобы, не расплаціўся зь дзяржавай. Дасюль ягоны юрыдычны статус невядомы.

Значыць, лёс прыдворных алігархаў у Беларусі незайздросны. Гэта там, на Захадзе, чым багацейшы чалавек, тым больш у яго свабоды, незалежнасьці ад дзяржавы. У Беларусі ўсё наадварот. Як сказаў аднойчы Лукашэнка, бізнэсоўцы — больш залежныя ад уладаў людзі, чым звычайныя грамадзяне, бо ім ёсьць што губляць. Лёс Юрыя Чыжа і ягонага бізнэсу — яркая ілюстрацыя да гэтай высновы. Ён страціў амаль усё, уключаючы асабістую свабоду. Як пісаў вядомы расейскі паэт Аляксандар Грыбаедаў у камэдыі «Гора ад розуму»: «Минуй нас пуще всех печалей и барский гнев, и барская любовь».

У такой сытуацыі цяпер фактычна ўсе беларускія алігархі. За прыдворны статус трэба расплачвацца. Паглядзіце, як цяпер замітусіліся бізнэсоўцы, якія трапілі пад эўрапейскія санкцыі. Міхаіл Гуцэрыеў ліхаманкава ці то пазбаўляецца ад сваіх актываў, ці то перапісвае іх на іншыя прозьвішчы. Нешта падобнае робяць і іншыя. У гэтай краіне і багатыя, і бедныя аднолькава несвабодныя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG