Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 пытаньняў і адказаў пра новыя алімпійскія віды спорту, якія дэбютуюць у Токіё


Ля алімпійскага стадыёну ў Токіё
Ля алімпійскага стадыёну ў Токіё

На Гульнях у Токіё будуць чатыры новыя віды спорту, а таксама дадатковыя новыя дысцыпліны ў межах пэўных традыцыйных. Магчымасьць такіх зьменаў запісаная ў Алімпійскай праграме – 2020. Гульні ў Токіё сталі першымі, якія скарысталіся гэтым правам.

Якія новыя алімпійскія віды спорту будуць на Алімпіядзе-2020

На Алімпійскіх гульнях у Токіё дэбютуюць чатыры віды спорту: каратэ, скейтбордынг, спартовае скалалажаньне і сэрфінг.

У іншыя віды спорту дадалі новыя дысцыпліны: мужчынскі і жаночы баскетбол «тры на тры» і фрыстайл BMX як частку роварнай праграмы (на ровары робяцца розныя штукарствы). У іншыя віды спорту, у тым ліку эстафэты ў плаваньні і лёгкай атлетыцы, дадалі зьмешаныя камандавыя спаборніцтвы.

Чаму дадалі новыя алімпійскія віды спорту

Цяпер МАК дазваляе арганізацыйным камітэтам кожных Гульняў прапаноўваць новыя спаборніцтвы ў сваю праграму. Гэтую гнуткасьць запісалі ў Алімпійскай праграме 2020, прынятай у сьнежні 2014 году як «дарожная карта» Міжнароднага алімпійскага камітэту. Такійскія гульні першымі скарысталіся гэтым правам.

Аргкамітэт Токіё у сваёй прапанове 2015 году абраў каратэ, скейтбордынг, спартовае скалалажаньне і сэрфінг, а таксама вярнуў бэйсбол і софтбол.

У жніўні 2016 прэзыдэнт МАК Томас Бах заявіў: «Мы хочам займацца спортам сярод моладзі. Маладыя людзі маюць мноства варыянтаў заняткаў спортам, і мы ня можам больш чакаць, што яны аўтаматычна прыйдуць да нас. Мы павінны ісьці да іх.... У сукупнасьці пяць відаў спорту — гэта інавацыйнае спалучэньне сталых і новых моладзевых спаборніцтваў, якія маюць папулярнасьць у Японіі і ўзбагацяць у Токіё традыцыю Гульняў».

Ці будуць гэтыя віды спорту ўключаны ў Парыскія гульні 2024 году

На наступных летніх Гульнях зноў пройдуць алімпійскія спаборніцтвы ў спартовым скалалажаньні, скейтбордынгу і сэрфінгу. Каратэ, бэйсбол і софтбол ня будуць уключаныя ў Алімпіяду 2024 году.

Ці будуць беларусы спаборнічаць у новых алімпійскіх дысцыплінах

Шанцам паехаць на Алімпіяду-2020 хацелі скарыстацца беларускія каратысты, аднак яны ня выйгралі кваліфікацыйны турнір.

Якія яшчэ новыя віды могуць стаць алімпійскімі

У дадатак да трох новых відаў спорту з Токіё, якія застануцца часткаю алімпійскае праграмы, на Гульнях у Парыжы адбудзецца дэбют брэйкінгу, таксама вядомага як брэйк-данс. У Гульні 2024 году ўвойдуць 329 мэдальных спаборніцтваў.

Пра новыя віды спорту на Гульнях у Лос-Анджэлесе 2028 году пакуль ня кажуць. МАК разгледзіць прапанову аргкамітэту ў 2024 годзе.

  • Летняя Алімпіяда-2020 у Токіё пройдзе з 23 ліпеня па 8 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG