Сама меней тры ракеты ўпалі ў аўторак на Кабул перад выступам прэзыдэнта Аўганістана Ашрафа Гані з нагоды пачатку мусульманскага сьвята Ід аль-Адха (Курбан-байрам), паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў краіны.
Выбухі ракет, выпушчаных каля 8 раніцы паводле мясцовага часу, былі чуваць па ўсёй старанна ўмацаванай Зялёнай зоне, дзе знаходзяцца прэзыдэнцкі палац і некалькі пасольстваў, уключна з амбасадай ЗША.
Ракетны ўдар супаў з маштабным наступам Талібану па ўсёй краіне на фоне вываду замежных войскаў, які плянуецца завяршыць да 31 жніўня.
У гэтым месяцы прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвясьціў, што вайсковая місія ЗША ў Аўганістане завершыцца 31 жніўня.
«Мы прыйшлі ў Аўганістан не дзеля дзяржаўнага будаўніцтва», — заявіў ён, дадаўшы, што адказнасьць за вызначэньне сыстэмы кіраваньня краінай ляжыць выключна на аўганскім народзе.
Вывад войскаў прымеркаваны да 20-й гадавіны тэрактаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Менавіта пасьля гэтых нападаў амэрыканцы пачалі апэрацыю ў Аўганістане супраць руху «Талібан» і тэрарыстычнай групоўкі «Аль-Кайда».