Паводле дадзеных Унівэрсытэту Джонса Гопкінза, толькі за апошнія тры месяцы колькасьць ахвяр каранавірусу павялічылася на мільён. Найбольшая колькасьць сьмяротных выпадкаў зафіксаваная ў ЗША, піша DW.
З пачатку пандэміі ад каранавірусу памерлі ва ўсім сьвеце больш за 4 мільёны чалавек, вынікае з дадзеных амэрыканскага Унівэрсытэту Джонса Гопкінза, агучаных вечарам ў сераду, 7 ліпеня (у Эўропе 8 ліпеня). Гэта азначае, што толькі за апошнія амаль тры месяцы колькасьць сьмяротных выпадкаў павялічылася на 1 мільён.
Ва ўсім сьвеце, паводле дадзеных спэцыялістаў унівэрсытэту, зарэгістравана ўжо больш за 185 млн выпадкаў заражэньня каранавірусам. Экспэрты, аднак, мяркуюць, што рэальная колькасьць заражэньняў і сьмерцяў значна вышэйшая.
Сайт Унівэрсытэту Гопкінза абнаўляецца рэгулярна, на ім публікуюцца больш высокія лічбы, чым афіцыйныя зьвесткі Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ). У некаторых выпадках дадзеныя унівэрсытэту карэктуюцца ў бок паніжэньня. Паводле інфармацыі САЗ, ад каранавірусу ва ўсім сьвеце памерлі 3,98 млн чалавек, зарэгістравана амаль 184 млн выпадкаў заражэньня.
ЗША — лідэр у сьмяротных выніках у абсалютных лічбах
Найбольшая колькасьць сьмерцяў ад каранавірусу зафіксавана ў ЗША: у краіне з насельніцтвам 330 млн жыхароў з пачатку 2020 году ад COVID-19 памерла каля 605 тысяч чалавек. Другое месца займае Бразылія (525 тысяч), а трэцяе — Індыя (амаль 400 тысяч).
У Нямеччыне, паводле дадзеных Унівэрсытэту Джонса Гопкінза, ад каранавірусу памерлі больш за 91 тысяч чалавек, у Расеі — амаль 138 тысяч.
У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, на 8 ліпеня захварэлі 423 519 чалавек, памерлі — 3214.