Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская абмеркавала са старшынём Эўрапейскай рады «Ўсходняе партнэрства» і дапамогу беларусам


Сьвятлана Ціханоўская і Шарль Мішэль, Вільня 6 ліпеня 2021 году.
Сьвятлана Ціханоўская і Шарль Мішэль, Вільня 6 ліпеня 2021 году.

6 ліпеня Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася са старшынём Эўрапейскай рады Шарлем Мішэлем, які цяпер знаходзіцца зь візытам у Вільні.

Шарль Мішэль заявіў, што Эўразьвяз падтрымлівае і працягне падтрымліваць беларускі народ. «Законны заклік да дэмакратычнай будучыні і павагі фундамэнтальных свабодаў і правоў чалавека павінен быць у рэшце рэшт прыняты пад увагу», — напісаў Шарль Мішэль у Twitter.

Як паведамляе штаб Ціханоўскай, на сустрэчы абмяркоўваліся прысуд Віктару Бабарыку, «Усходняе партнэрства» і дапамога беларусам.

Сьвятлана Ціханоўская «прапанавала канцэпт, як беларускі народ можа быць прадстаўлены ва „Ўсходнім партнэрстве“, паколькі Лукашэнка самаўхіліўся ад гэтай праграмы». Яна таксама прапанавала, каб дэмакратычныя сілы прадставілі Беларусь на саміце «Ўсходняга партнэрства».

Ціханоўская заклікала падтрымаць канфэрэнцыю аб разьвязаньні крызісу ў Беларусі на ўзроўні Эўразьвязу, прапанавала пашыраць праграмы дапамогі палітвязьням і іх сем’ям, незалежным мэдыя і прыватнаму бізнэсу, а таксама Плян Эўразьвязу для новай Беларусі, падкрэсьліла важнасьць далучэньня Ўкраіны да санкцыяў.

Таксама Сьвятлана Ціханоўская расказала Шарлю Мішэлю пра суд над Віктарам Бабарыкам і іншыя суды над беларусамі. Кіраўнік Эўрапейскай рады асудзіў прысуд і назваў працэс палітычным, — цытуе Польскае Радыё словы чыноўніка, які суправаджае Шарля Мішэля падчас яго візыту ў Літву.

Ён таксама асудзіў перасьлед апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і журналістаў, і падкрэсьліў, што Эўразьвяз будзе працягваць патрабаваць сумленных і празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG