Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам, прэм’ерам і кіраўніком МЗС Ісьляндыі


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская 1–4 ліпеня знаходзіцца ў Ісьляндыі. У ходзе яе візыту прэзыдэнт Ісьляндыі заявіў аб падтрымцы патрабаваньняў беларускага народу.

Ісьляндыя падтрымлівае беларускі народ у яго патрабаваньнях дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека, заявіў прэзыдэнт краіны ​Ґюдні Ёўганэсан, які правёў у Рэйкʼявіку перамовы са Сьвятланай Ціханоўскай.

На сваёй старонцы ў Твітэры ён адзначыў, што разам з жонкай быў на лекцыі Ціханоўскай ва ўнівэрсытэце Рэйкʼявіку і высока ацаніў яе выступ.

Міністар замежных справаў Ісьляндыі Ґюдлёйґюр Тоўр Тоўрдарсан заявіў у Твітэры, што адвага і нястомная праца Ціханоўскай ў імя прагрэсу ў Беларусі служаць крыніцай натхненьня.

«Мы заклікаем Лукашэнку вызваліць палітвязьняў, спыніць рэпрэсіі і гвалт і паважаць імкненьне беларускага народа да свабодных і справядлівых выбараў», — напісаў кіраўнік ісьляндзкай дыпляматыі.

Як паведаміла прэс-служба Ціханоўскай, галоўная тэма ўсіх сустрэчаў — «як Ісьляндыя можа дапамагчы незалежным мэдыя, рабочым, лекарам і ўсёй грамадзянскай супольнасьці Беларусі ва ўмовах, калі рэжым рэагуе на санкцыі ўзмацненьнем рэпрэсіяў».

Яна распавяла гісторыю студэнткі юрфаку БДУ Кацярыны Віньнікавай, арыштаванай на 15 дзён за тое, што падчас прамовы на выпускным назвала імёны рэпрэсаваных выкладчыкаў і адвакатаў ды іншых беларусаў, якія цяпер пакутуюць у турмах. Ціханоўская згадала «велізарны паток нелегальных мігрантаў на мяжы зь Літвой як рэакцыю рэжыму на актыўную падтрымку літоўскім урадам беларусаў».

З прэмʼер-міністрам Катрын Якабстоўхтыр яна абмеркавала пытаньні павелічэньня дапамогі СМІ. «Прэмʼер сама працавала журналістам і разумее, наколькі важныя незалежныя мэдыя», — адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Міністар замежных справаў Ісьляндыі папрасіў у Ціханоўскі сьпіс канкрэтных дзеяньняў, якія Ісьляндыя можа зрабіць для беларусаў. Ён заявіў, што будзе падымаць пытаньне Беларусі ў АБСЭ і Паўночна-Балтыйскай васьмёрцы (NB8), куды ўваходзяць Швэцыя, Фінляндыя, Нарвэгія, Ісьляндыя, Данія, Эстонія, Латвія і Літва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG