Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі актывіст Андрэй Шарэнда, якога абвясьцілі ў вышук, пакінуў Беларусь


Паліна Шарэнда-Панасюк і Андрэй Шарэнда
Паліна Шарэнда-Панасюк і Андрэй Шарэнда

Андрэя абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку, яму пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Палітвязень Андрэй Шарэнда пакінуў Беларусь, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Сябры! Сёньня ў Беларусі стала на аднаго палітвязьня менш. Дзякуй усім, хто хваляваўся. Барацьба працягваецца. Мы абавязкова пераможам! Галоўнае не спыняцца!», — напісаў 2 ліпеня раніцай у сацсетках актывіст Андрэй Шарэнда.

Андрэя абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку (артыкул 367 КК). Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Працэс над актывістам распачаўся ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця 28 чэрвеня. Аднак сам Андрэй на працэс не прыйшоў, нягледзячы на тое што знаходзіўся пад хатнім арыштам. Пракурор прапанаваў зьмяніць Шарэнду меру стрыманьня на арышт і абвясьціць яго ў вышук. Судзьдзя Вера Філонік пагадзілася з пракурорам.

4 чэрвеня жонку Андрэя актывістку «Эўрапэйскай Беларусі» Паліну Шарэнда-Панасюк асудзілі на 2 гады зьняволеньня. У Паліны і Андрэя Шарэндаў на выхаваньні двое непаўналетніх сыноў, 12 і 5 гадоў.

Як перасьледуюць сям’ю берасьцейскіх актывістаў


Ад пачатку выбарчай кампаніі Андрэй Шарэнда правёў за кратамі звыш 70 дзён.
17 красавіка да Андрэя Шарэнды прыйшлі зь ператрусам, забралі ўсю тэхніку. У той жа дзень распачалі на яго крымінальную справу паводле артыкулу 361 (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).

У сярэдзіне траўня ў інтэрвію Свабодзе Андрэй расказаў, што пасьля праверкі (паводле Генпракуратуры, прадметам праверкі стала інтэрвію ад 29 сакавіка 2021 году, «у якім ад імя мясцовага актывіста Андрэя Шарэнды зьмяшчаюцца заклікі да пратэстаў, а таксама фармулёўкі і выразы, якія публічна абражаюць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь») артыкул замянілі на 368 КК (абраза прэзыдэнта).

31 траўня Андрэя Шарэнду зноў затрымалі і дапыталі. У той жа дзень увечары яго зьмясьцілі пад хатні арышт. Андрэю забаронена карыстацца тэлефонам, у тым ліку мэсэнджарамі.10 чэрвеня пракуратура Берасьця паведаміла, што крымінальную справу на Андрэя Шарэнду аб абразе Лукашэнкі накіравалі ў суд.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў актывіста палітзьняволеным.

Перасьледуюць і жонку Андрэя, актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк. 9 чэрвеня судзьдзя Яўген Брэган прызнаў яе вінаватай у гвалце ў дачыненьні да міліцыянта і абразе Лукашэнкі ды іншых службовых асобаў. Брэган пакараў актывістку 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Яе таксама абавязалі выплаціць 4500 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды тром сілавікам.

Паліну затрымалі 3 студзеня. Праз 3 дні яе зьмясьцілі ў Берасьцейскае СІЗА.
23 лютага Паліну Шарэнду-Панасюк адправілі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі каля Менску. 4 траўня ёй выставілі абвінавачаньне адразу паводле трох крымінальных артыкулаў.

Паліну Шарэнду тры разы за паўтара месяца зьмяшчалі ў карцэр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG