Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: за чэрвень у «пратэставых» крымінальных справах у Беларусі асудзілі 125 чалавек


Судовы працэс у справе экс-банкіра Віктара Бабарыкі, ілюстрацыйнае фота
Судовы працэс у справе экс-банкіра Віктара Бабарыкі, ілюстрацыйнае фота

У 96% палітычных прысудаў у чэрвені ужываліся пакараньні, зьвязаныя з пазбаўленьнем і абмежаваньнем волі.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» працягвае маніторынг палітычна матываваных крымінальных спраў, пачатых летась у сувязі з пратэстамі супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

Паводле стану на 1 ліпеня 2021 году колькасьць палітвязьняў, якія адбываюць пакараньне ў папраўчых калёніях, установах адкрытага тыпу, СІЗА і пад хатнім арыштам, складае 526 чалавек. Зь іх 347 ужо асуджаныя да розных тэрмінаў пакараньня, у дачыненьні да 61 ідзе судовы разбор, яшчэ 118 чакаюць суду.

За чэрвень колькасць палітычных зьняволеных вырасла на 88 чалавек.
«Вясьне» вядома сама меней пра 125 асуджаных у «пратэставых» крымінальных справах за папярэдні месяц.

Геаграфія прысудаў у чэрвені:

  • Менск — 21 чалавек;
  • Менская вобласьць — 12 (Салігорск, Жодзіна, Маладэчна, Старыя Дарогі);
  • Берасьцейская вобласьць — 40 (Берасьце, Баранавічы, Бяроза, Пінск, Кобрынь, Ганцавічы);
  • Віцебская вобласьць — 6 (Віцебск, Лепель, Чашнікі);
  • Гомельская вобласьць — 14 (Гомель, Жлобін, Сьветлагорск, Мазыр);
  • Горадзенская вобласьць — 21 (Горадня, Ліда, Масты, Дзятлава, Карэлічы, Сьвіслач);
  • Магілёўская вобласьць — 11 (Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Круглае).

Віды і памеры пакараньня ў «пратэставых» крымінальных справах

  • 131 год 9 месяцаў пазбаўленьня волі для 44 чалавек;
  • 71,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу («хімія») для 34 чалавек;
  • 63 гады абмежаваньні волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы («хатняя хімія») для 38 чалавек;
  • 1 год і 3 месяцы арышту для 5 чалавек;
  • 500 базавых велічынь штрафу для 4 чалавек.

Вядома ня менш як пра пяць грамадзян, судовч разбор у дачыненьні да якіх скончыўся рашэньнем аб прымусовым лячэньні (у трох выпадках крымінальныя справы зьвязаныя з паклёпам і абразай прэзыдэнта, у двух — са зьдзекам зь дзяржаўнай сымболікі).

За чэрвень у «пратэставых» крымінальных справах суды ў 35,2% выпадкаў прызначылі пакараньне, зьвязанае з пазбаўленьнем волі; 27,2% выпадкаў — абмежаваньне волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу; 30,4% выпадкаў — абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Штраф як асноўны від пакараньня выкарыстоўваўся ў 3,2% выпадкаў.

Такім чынам, пакараньне ў палітычна матываваных крымінальных справах, зьвязанае з пазбаўленьнем волі, яе абмежаваньнем у выглядзе «хіміі», «хатняй хіміі» ці арышту ўжывалася ў 96,8% выпадкаў.

Падрабязная справаздача праваабаронцаў за палітычны перасьлед у чэрвені — ТУТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG