У Менску 1 ліпеня працягнуўся суд над публіцыстам і дзеячам анархісцкага руху Міколам Дзядком. Самога палітвязьня даставілі ў залю, аднак працэс спачатку адклалі амаль на гадзіну — ва ўсім будынку Менскага гарадзкога суду зьнікла электрычнасьць.
Як паведамляе «Новы час», на суд прыйшлі прадстаўнікі амбасады Італіі, прысутнасьць якіх асабліва адзначыў бацька палітвязьня Аляксандар Дзядок.
Пасьля таго, як сьвятло зьявілася, суд аднавіўся. Адвакат Яўген Маслаў паведаміў, што затрымлівалі Міколу з прымяненьнем сілы, сілавікі трапілі ў кватэру праз вокны і дзьверы. Лейтэнант юстыцыі Казусёнак даў заключэньне, што прымяненьне сілы было абгрунтаванае, хоць Мікола пры затрыманьні не супраціўляўся. Патрабавалі назваць паролі — Мікола маўчаў, потым яго сталі душыць падушкай, зачынялі ў кладоўцы, распылялі пярцовы газ.
Калі Дзядка даставілі ў ГУБАЗіК, засоўвалі яму ў рот бутэлькі, нібыта знойдзеныя ў яго, прыкладалі іх да рук. Пад катаваньнямі далі Міколу падпісаць дакумэнты, якіх ён ня бачыў.
Пракурор зачытаў перапіскі Дзядка ў Telegram. Сам актывіст адзначыў, што, калі ён зьмяшчаў артыкулы ў сваім тэлеграм-канале, гэтым рэалізоўваў сваё права на свабоду выказваньняў. Падкрэсьліў, што інтарэсы Беларусі і інтарэсы ўладных вярхоў — гэта не адно і тое ж.
«Не існуе ідэалёгіі экстрэмізму, у якой мяне абвінавачваюць. Гэтаксама, як няма ніводнага доказу, што гэтыя пасты прынесьлі каму-небудзь шкоду», — сказаў Дзядок.
Што расказаў Дзядок пра катаваньні
Затым паказаньні стаў даваць сам Мікола Дзядок. Ён сказаў, што не хадзіў на маршы пратэсту, бо разумеў, што яго могуць затрымаць. Выключэньне зрабіў толькі на свой дзень народзінаў — 23 жніўня. Ніякіх беспарадкаў тады не заўважыў, руху транспарту не замінаў.
Дзядок расказаў пра сваё затрыманьне: 11 лістапада супрацоўнікі ўварваліся ў дом празь дзьверы і акно, разьбіўшы шклопакет. Іх было сямёра — частка ў форме, частка ў цывільным. Адразу сталі біць, пыталіся, ці ёсьць відэаназіраньне. Гэта былі ГУБАЗіК І САХР.
Каля 1:30 ночы яго давезьлі ў Менск, кажа падсудны. Дзядок расказвае, што калі сказаў, што ня памятае паролю, яго сталі біць дубінкамі, а пасьля некалькіх адмоваў Іван Тарасік сказаў, што будзе біць яго па геніталіях і мачыцца на яго. Тады Мікола даў пароль, але яны ўвялі яго няправільна і зноў білі. Мікола ўспамінае, што моцна крычаў увесь час, калі яго білі. Пасьля сталі патрабаваць пароль ад двайной аўтэнтыфікацыі ў Telegram. І ўвесь час білі. Пазьней яго завялі ў кладоўку і распылілі туды газ; тады ён сказаў, што скажа, што трэба.
Міколу вывелі на вуліцу, 4 разы распылілі газ у вочы, дасталі электрашокер.
Амаль увесь час, калі не хадзіў з панятымі, Мікола ляжаў тварам у падлогу.
Мікола сьцьвярджае, што бутэлькі з сумесьсю, якія фігуруюць у справе, яму падкінулі сілавікі. Пасьля некалькіх гадзін допытаў у ГУБАЗіКу Іван Тарасік соваў бутэлькі яму ў рот, патрабаваў, каб Мікола на іх пляваў. Бутэлькі загарнулі ў ягоныя ж кухонныя ручнікі, але яны вельмі моцна сьмярдзелі. «Які сэнс трымаць рэчы з такім пахам там, дзе прымаеш ежу?» — задаў рытарычнае пытаньне Мікола.
Згодна са сьведчаньнямі падсуднага, адзін зь сілавікоў пры затрыманьні сказаў: «Ты ж разумееш, што з ШЫЗА ня выйдзеш?» Пагражалі адвезьці ў лес, разьдзець. Казалі: «Зараз паедзем у гестапа, там ты будзеш плакаць і ненавідзець сябе». Прыгадвае, што яшчэ быў супрацоўнік Алёкса, які сказаў, што трэба запісаць відэа на камэру.
Мікола зьняпраўджвае словы панятых, быццам адмаўляў, што рэчы належаць яму. Адразу сказаў, што відэакамэры і грошы — ягоныя. Камэра, штатыў, гадзіньнік і тысяча рублёў прапалі — іх забралі супрацоўнікі ГУБАЗіКу.
Блізкім Міколы шмат разоў пісалі гадасьці ананімы, а таксама казалі, што Міколу заб’юць у калёніі і сьпішуць на «праблемы з сэрцам».
У матэрыялах справы, агучаных у судзе прадстаўніком абвінавачаньня Антонам Цюменцавым 29 чэрвеня, гаворыцца, што ў Дзядка пасьля затрыманьня былі зафіксаваныя лёгкія цялесныя пашкоджаньні, якія прывялі да кароткачасовага разладу здароўя, ён атрымаў 13 удараў тупым прадметам.
Абвінавачаны і яго бацька Аляксандар Дзядок напісалі скаргу ў Сьледчы камітэт, але крымінальнай справы не завялі, аргумэнтаваўшы гэта «адсутнасьцю складу злачынства».
Справа Міколы Дзядка
Аўтара газэты «Новы час», анархіста Міколу Дзядка абвінавачваюць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, паражальная дзейнасьць якіх грунтуецца на выкарыстаньні гаручых рэчываў);
- ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы пры дапамозе інтэрнэту).
Мікола Дзядок не прызнае віны ні па адным з названых артыкулаў, ацэньвае гэта як перасьлед за погляды, перакананьні і жаданьне гаварыць праўду.
Міколу Дзядка затрымалі позна ўвечары 11 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК і МУС у загарадным доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманьні моцна зьбілі, а ў вочы распылілі пярцовы газ. Пасьля затрыманьня Міколу адвезьлі ў Менск у ГУБАЗіК. Там ён чатыры гадзіны праляжаў тварам у падлогу, яго пры гэтым зьбівалі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваньнем.
Некалькі разоў Міколу пераводзілі ў Жодзіна і назад у Менску у СІЗА на Валадарскага. За час зьняволеньня Дзядка неаднаразова кідалі ў карцар. Палітвязень паведамляў, што турэмная адміністрацыя абмяжоўвае ліставаньне зь ім і не надае неабходнай мэдычнай дапамогі.