Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы прачнёмся іншымі». Беларускі літаратурны дэсант у Кіеве бяз Вольскага, але з кнігамі, вершамі і сьпевамі


Кніжная выстаўка праходзіць у Мастацкім арсэнале — найбольшым культурным цэнтры Кіева
Кніжная выстаўка праходзіць у Мастацкім арсэнале — найбольшым культурным цэнтры Кіева

24 чэрвеня на Кніжным арсэнале ў Кіеве адбыўся сапраўдны беларускі дзень.

Паэтычныя чытаньні і сьпевы, прэзэнтацыя выдадзеных па-ўкраінску кніг «Мы прачнёмся іншымі» і «„Бум-Бам-Літ“: анталёгія беларускае паэтычнае рэвалюцыі» і проста дыскусіі — пра літаратуру, творчасьць, жыцьцё і, галоўнае, — пра падзеі, якія пачаліся летась у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Чакалася, што літаратараў увечары сваёй творчасьцю падтрымае рок-музыка Лявон Вольскі, але ён ня змог прыехаць. Сваю паэтычную песьню прадставіў Андрэй Хадановіч.

Кнігі гуртам — і на выстаўцы, і ў продаж

Сёлета ўпершыню кнігі, выдадзеныя беларускімі выдавецтвамі, аб’ядналі на адным стэндзе. Як сказаў Свабодзе выдавец Андрэй Янушкевіч, цікаўнасьць да беларускіх выданьняў застаецца вялікай і ў апошні дзень выстаўкі застаецца няшмат кніг.

Беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч
Беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч

«Іх нават няма сэнсу везьці назад у Беларусь, пакідаем тут сваім партнэрам», — кажа выдавец.

Паводле яго, ужо традыцыйна ўкраінскі чытач найперш цікавіцца беларускай паэзіяй. «Прозу таксама любяць. З найбольш папулярных вось апошнія творы Бахарэвіча», — дадаў Андрэй Янушкевіч.

Яшчэ адзін выдавец, сябар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Раман Цымбераў, дадаў, што цікавяцца ва Ўкраіне і гістарычнымі выданьнямі. Але найчасьцей сваім пакупнікам ён рэкамэндуе «Райцэнтар» Тані Скарынкінай і «Пашто ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец.

Беларускі стэнд на Кніжным арсэнале, 24 чэрвеня 2021 году
Беларускі стэнд на Кніжным арсэнале, 24 чэрвеня 2021 году

У часе размовы з выдаўцамі да «Кніг зь Беларусі» падышоў хлопец, які нечакана для ўсіх забраў адразу ўсе асобнікі беларускага перакладу «Ведзьмара» Анджэя Сапкоўскага. Потым расказаў, што шанавальнікі гэтага твору польскага пісьменьніка, аб’яднаныя ў інтэрнэт-суполку, зьбіраюць пераклады «Ведзьмака» на розныя мовы. Цяпер іхная калекцыя папоўніцца.

Літаратурная салідарнасьць

Юлія Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Андрэй Хадановіч, Тацяна Нядбай, Уладзь Лянкевіч ужо добра знаёмыя ўкраінскім чытачам. Большасьць зь іх маюць ва Ўкраіне сваіх прыхільнікаў, якія, каб пачуць сваіх куміраў і купіць кніжную навінку, прыяжджаюць нават зь іншых гарадоў Украіны.

Беларускія кніжныя навінкі
Беларускія кніжныя навінкі

«Я вельмі люблю гэтых аўтараў, вельмі іх цаню і вельмі хачу пачытаць іхныя інтэрвію, сабраныя ў кнізе Іі Ківы „Мы прачнёмся іншымі“. Гэта вельмі важна цяпер. І абавязкова буду чытаць „Бум-Бам-Літ“», — сказала Свабодзе студэнтка Ўкраінскага каталіцкага ўнівэрсытэту Хрысьціна. Яна вучыцца на філялёгіі і прыехала на выстаўку адмыслова зь Львова для сустрэч зь беларускімі літаратарамі.

Хрысьціна кажа, што пачала захапляцца беларускай літаратурай два гады таму, але ўжо вольна чытае па-беларуску.

«Па-беларуску чытаю ў першую чаргу — тут нічога складанага няма, але ўкраінскія пераклады таксама чытаю», — дадала студэнтка.

Сёлета на знак салідарнасьці зь беларусамі і беларускімі пісьменьнікамі ва Ўкраіне выйшлі адразу дзьве кнігі. У выдавецтве «Люта справа» — «„Бум-Бам-Літ“: анталёгія беларускае паэтычнае рэвалюцыі», а ў выдавецтве «ХХІ» — «Мы прачнёмся іншымі». Абодва выданьні адсылаюць да падзеяў, якія пачаліся ў Беларусі адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Чытаньні па-беларуску і па-ўкраінску адкрылі беларуская паэтка і перакладчыца Юлія Цімафеева і ўкраінская літаратарка Ірына Цылык.

Чытаньні адкрылі Юлія Цімафеева і Ірына Цылык
Чытаньні адкрылі Юлія Цімафеева і Ірына Цылык

«Вядома, такія мерапрыемствы, як Кніжны арсэнал, немагчымыя цяпер у Беларусі. Але не магу сказаць, што і раней у нас было нешта такога маштабу. Напрыклад, ёсьць фэст „Прадмова“ або паэтычны фэст Міхася Стральцова, але не такі размах і не такая свабода. Таму я захапляюся ўкраінцамі, іхнымі магчымасьцямі арганізоўваць цікава і для беларусаў. Я ў захапленьні ад таго, што тут адбываецца», — сказала Свабодзе Юлія Цімафеева.

Паэт Андрэй Хадановіч перакананы, што кожнае такое публічнае чытаньне — новы крок да сустрэчы чытача з кнігай.

Андрэй Хадановіч чытае свае вершы
Андрэй Хадановіч чытае свае вершы

«Кніжка, якую мы сёньня прэзэнтуем, — гэта размовы зь дзесяцьцю беларускімі інтэлектуаламі і пісьменьнікамі. Хтосьці зь іх пацярпеў і сядзеў у турме, і не адзін, хтосьці хадзіў на пратэсты як на працу. І ў кожнага баліць сэрца, як у пісьменьніка і як у грамадзяніна, за тое, што адбываецца. А пісьменьнікі яшчэ маюць інструмэнт, каб пераплавіць гэта ў словы, у правільным парадку, якія яшчэ кагосьці зачэпяць гэтым болем, гэтай надзеяй, верай у лепшае. Таму вельмі добра, што гэтыя чытаньні наблізяць кнігу „Мы прачнёмся іншымі“ да чытача», — мяркуе Андрэй Хадановіч.

На сустрэчы зь беларускімі літаратарамі прыйшло шмат украінскіх чытачоў
На сустрэчы зь беларускімі літаратарамі прыйшло шмат украінскіх чытачоў

Беларускі паэт лічыць, што ўкраінцы, «траўмаваныя» і згуртаваныя вайной на Данбасе, вельмі добра адчуваюць і разумеюць тое, што адбываецца ў Беларусі.

«Ім, у прынцыпе, ня трэба тлумачыць, што ў нас адбываецца. Салідарнасьць зь іхнага боку, боку людзей, якія разумеюць пра што мы кажам, за што кожны з нас змагаецца альбо чым кожны рызыкуе. Яны самі змагаюцца і самі рызыкуюць, таму яны ведаюць гэтае стаўленьне», — дадаў Андрэй Хадановіч.

«Больш ня будзе, як было»

Альгерд Бахарэвіч, якога ва Ўкраіне называюць пісьменьнікам «тоўстай кнігі», кажа, што вельмі цяжка перажыў ня толькі падзеі пасьля выбараў, але і ад’езд зь Беларусі. Ягонае інтэрвію таксама ўвайшло ў кнігу «Мы прачнёмся іншымі».

«Тое, што адбылося ў Беларусі, траўмавала вельмі глыбока ўсіх беларусаў. І я не выключэньне. Спачатку было вельмі цяжка, і вельмі цяжка было зноў пачаць пісаць. Тое, што адбываецца ў Беларусі, патрабуе сваёй мастацкай мовы, але якая гэта павінна быць мова? Я ня ведаю... Я раманіст, празаік, пішу тое, чаго насамрэч не было. Спачатку было вельмі цяжка, а потым я вырашыў, што трэба працаваць, бо гэта адзінае, што я магу зрабіць за мяжой для Беларусі».

Прэзэнтацыя кнігі «Мы прачнёмся іншымі». Уладзь Лянкевіч, Юлія Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Андрэй Хадановіч, Тацяна Нядбай і ўкраінскія літаратары Вячаслаў Лявіцкі і Астап Сьлівінскі
Прэзэнтацыя кнігі «Мы прачнёмся іншымі». Уладзь Лянкевіч, Юлія Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Андрэй Хадановіч, Тацяна Нядбай і ўкраінскія літаратары Вячаслаў Лявіцкі і Астап Сьлівінскі

Альгерд Бахарэвіч дадаў, што цяпер шмат піша публіцыстыкі і часта пагаджаецца на інтэрвію эўрапейскім СМІ. «Цяпер цікавасьць да Беларусі вельмі высокая. Увесну быў пэрыяд, калі заходнія мэдыя перасталі пра нас пісаць, але пасьля захопу самалёта, выкраданьня Рамана Пратасевіча зноў Беларусь вярнулася ў сусьветныя мэдыя, і столькі працы, напэўна, у мяне не было ніколі. Кожны дзень інтэрвію або онлайн-сустрэча зь беларусамі ці з замежнай аўдыторыяй. Усё гэта не дае расслабіцца і занурыцца ва ўласныя роспач і боль. Праца мяне ратуе».

Пісьменьнік перакананы, што беларуская рэвалюцыя працягваецца, а пратэсты не захлынуліся.

«Вельмі цяжка казаць пра тое, што будзе, але беларусы выявілі сваю палітычную волю, сказалі сваё слова. Цяпер чарга эўрапейскіх палітыкаў сказаць сваё слова. Я напісаў артыкул, які быў апублікаваны ў Frankfurter Allgemeine, у якім я зьвярнуўся да сьвету з заклікам не паддавацца на гульні з рэжымам, не таргавацца зь ім. Трэба ціснуць на яго далей і ставіцца да Лукашэнкі як да тэрарыста, а не да палітыка, роўнага ім. Я думаю, вельмі шмат будзе залежаць ад вонкавых чыньнікаў. Нам важна пераканаць Эўропу і сьвет у тым, што народ Беларусі свой выбар зрабіў. А на дадзены момант галоўнае, каб спыніўся гвалт, рэпрэсіі, палітычныя зьняволеныя выйшлі з турмаў. А зьбіраць нейкія візіі будучыні для Беларусі — гэта ўжо пытаньне наступных гадоў, а ня сёньня», — мяркуе Альгерд Бахарэвіч.

«Райцэнтр» Тані Скарынкінай і «Пашто ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец на Кніжным арсэнале-2021
«Райцэнтр» Тані Скарынкінай і «Пашто ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец на Кніжным арсэнале-2021

Паводле яго, санкцыі ў дачыненьні да рэжыму сталі непазьбежнай міжнароднай рэакцыяй.

«У Эўропе я зьвяртаюся да грамадзянскіх супольнасьцяў, да асобных людзей, да тых, хто займаецца культурай, адукацыяй. Мне здаецца, што яны могуць паўплываць на сытуацыю, могуць пераканаць сваіх палітыкаў ня верыць больш гэтаму рэжыму. Ужо гэтага будзе дастаткова. Павінна быць нейкая палітыка ізаляцыі, вельмі строгай ізаляцыі. І гэта паўплывае, бо мы бачым па паводзінах гэтага рэжыму, што яго, як бы ён там ні выкручваўся, насамрэч гэта вельмі злуе і стварае для іх вялікія нязручнасьці», — дадаў беларускі пісьменьнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG