Як паведамляе ТАСС, кіраўнік МЗС Беларусі праінфармаваў Лаўрова аб сытуацыі вакол грамадзянкі Расеі Соф'і Сапегі. Яе разам з журналістам Раманам Пратасевічам затрымалі 23 траўня падчас прымусовай пасадкі ў Менску самалёту кампаніі Ryanair. У Маскве разьлічваюць, што лёс усіх затрыманых у Беларусі расейцаў неўзабаве вырашыцца.
«Уладзімер Макей праінфармаваў аб сытуацыі з затрыманымі ў Беларусі расейскімі грамадзянамі, маю на ўвазе Сафію Сапегу, Ягора Дуднікава. Пасольства Расіі ў Менску трымае гэтае пытаньне на асаблівым кантролі», – сказаў ён.
Расея спадзяецца, што сітуацыя будзе ў хуткім часе вырашаная, заявіў міністар Лаўроў.
«Будзем спадзявацца, што гэтая сытуацыя будзе ў хуткім часе вырашана», – дадаў ён.
Софʼя Сапега — студэнтка пятага курсу ЭГУ, вучылася на праграме «Міжнароднае права і права ЭЗ».
Яна грамадзянка Расеі, але большасьць свайго жыцьця пражыла ў Беларусі, скончыла школу ў Лідзе.
Сапезе выставілі падазрэньне ў распальваньні варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў турмы.
Што казалі пра «інтэграцыю»
Масква і Менск маюць агульнае бачаньне таго, як прасоўвацца па ўсіх напрамках супрацоўніцтва. Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў падчас перамоваў з кіраўніком МЗС Беларусі Ўладзімерам Макеем.
«У нас ёсьць агульнае бачаньне, як прасоўвацца па ўсіх кірунках, уключна з інтэграцыйнымі пытаньнямі і замежнапалітычнай каардынацыяй у становішчы, якое ў сёньняшнім сьвеце вельмі няпростае», — цытуе Лаўрова агенцтва ТАСС.
Паводле расейскага міністра, напарядэдні ў Маскве адбылася сустрэча амбасадараў краін СНД, дзе сярод іншага прагучалі ацэнкі саміту, які адбыўся 16 чэрвеня ў Жэнэве паміж прэзыдэнтамі Расеі і ЗША Уладзімірам Пуціным і Джо Байдэнам. Гэтае абмеркаваньне працягнецца ў вузкім складзе зь ягоным беларускім калегам.
Па выніках сустрэчы амэрыканскага і расейскага лідэраў было заяўлена, што бакі не дасягнулі адзінства пазыцый у беларускім пытаньні.
У сваю чаргу Ўладзімер Макей адзначыў «высокую інтэнсіўнасьць беларуска-расейскіх кантактаў. Ён нагадаў, што сёлета ўжо адбыліся тры сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі, некалькі нарадаў правялі старшыні ўрадаў, заплянаваныя іныя кантакты на розных узроўнях.
«Таму нам у гэтым пляне таксама вельмі важна зьверыць, што называецца, гадзіньнік. Тым больш што на парадку дня перамоваў вельмі важныя пытаньні, у тым ліку зьвязаныя з падрыхтоўкай агульнай праграмы ўзгодненых дзеяньняў у галіне замежнай палітыкі на наступны двухгадовы пэрыяд», — заявіў Уладзімер Макей.