Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз палітычны крызіс Беларусь апусьцілася на 117-е месца ў Індэксе міралюбнасьці


Глябальны рэйтынг міралюбнасьці
Глябальны рэйтынг міралюбнасьці

Большы рэгрэс за Беларусь у рэйтынгу паказала толькі афрыканская дзяржава Буркіна-Фаса.

Сярод прычын падзеньня:

  • пагаршэньне ўзроўню палітычнай стабільнасьці,
  • павелічэньне колькасьці дэманстрацый з ужываньнем сілы,
  • узмацненьне ўнутранага канфлікту
  • пагаршэньне адносін зь іншымі краінамі.

Беларусь страціла за год адразу 19 пазыцый у рэйтынгу, пра гэта гаворыць штогадовы даклад Інстытуту эканомікі і міру (Institute for Economics & Peace, IEP), які аналізуе сытуацыю ў 163 дзяржавах, дзе пражывае 99,7% насельніцтва плянэты, інфармуе ТАСС.

У рэйтынгу ўлічваюцца:

  • узровень згуртаванасьці грамадзтва;
  • захаваньне правоў чалавека;
  • палітычная і эканамічная стабільнасьць;
  • колькасьць зьняволеных у турмах;
  • узровень тэрарыстычнай пагрозы;
  • абаронныя выдаткі;
  • удзел/няўдзел краіны ў баявых дзеяньнях.

За 2020 год большае падзеньне паказчыкаў, чым у Беларусі, адбылося толькі ў афрыканскай дзяржаве Буркіна-Фаса, дзе ад 2015 году трывае ўзброены канфлікт войскаў краіны з тэрарыстычнымі ісламісцкімі групоўкамі, зьвязанымі з «Аль-Каідай». Буркіна-Фаса ўпала на 134-ю пазыцыю.

«Значнае зьніжэньне рэйтынгу Беларусі адбылося пад уплывам чатырох асноўных фактараў: пагаршэньне ўзроўню палітычнай стабільнасьці, павелічэньне колькасьці дэманстрацый з ужываньнем сілы, узмацненьне ўнутранага канфлікту і пагаршэньне адносін зь іншымі краінамі», — расказаў намесьнік дырэктара IEP у навукова-дасьледчай працы Томас Морган.

Дзе суседзі Беларусі?

Суседняя зь Беларусьсю Расея займае ў рэйтынгу адно з апошніх месцаў — 154-е сярод 163. Таксама яна самая ваяўнічая дзяржава Зямлі пасьля Ізраілю, у гэты ж сьпіс уваходзяць ЗША, Паўночная Карэя і Францыя. Самае высокае месца сярод краін – суседак Беларусі займае Польшча, яна 24-я. Эстонія 30-я, Латвія 35-я, Літва 37-я. Напружаная сытуацыя захавалася ва Ўкраіне, якая на 142-м радку.

Самыя міралюбныя дзяржавы

На чале рэйтынгу зь 2008 году нязьменна застаецца Ісьляндыя. За ёй у першай дзясятцы ідуць Новая Зэляндыя, Данія, Партугалія, Славенія, Аўстрыя, Швайцарыя, Ірляндыя, Чэхія і Канада.

Самыя нямірныя дзяржавы

Найбольшая ваяўнічасьць і напружанасьць у сьвеце захоўваецца ў Аўганістане, таксама ў нізе рэйтынгу Сырыя, Паўднёвы Судан, Ірак і Самалі. Павышэньне індэксу міралюбнасьці за год адзначана ў 87 краінах, пагаршэньне — у 73. Але агульны паказьнік міралюбнасьці за год зьменшыўся на 0,07% паводле шкалы арганізацыі.

IEP — дасьледчы цэнтар, заснаваны ў 2007 годзе. Мае прадстаўніцтвы ў Сіднэі (Аўстралія), Нью-Ёрку (ЗША) і Мэхіка (Мэксіка).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG