Урад Буркіна-Фасо абвясьціў трохдзённую жалобу па ахвярах узброенага нападу баевікоў на паўночную вёску Салхан. Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа паведамляе, што ўсе блізкія да месца лякарні перапоўненыя параненымі. Там чакаюць падвозу мэдыкамэнтаў з гораду Доры, які знаходзіцца побач і адкуль ужо адправілі паўтоны лекаў, піша «Голас Амэрыкі».
Вёска Салхан месьціцца каля мяжы зь Нігерам у рэгіёне Сахель. Пакуль ніводная ўзброеная групоўка ня ўзяла на сябе адказнасьці за атаку на мірных жыхароў, але мясцовыя аналітыкі мяркуюць, што гэта справа падразьдзяленьня так званай «Ісламскай дзяржавы», што дзейнічае ў Вялікай Сахары.
Баевікі забівалі мірных жыхароў, нягледзячы на іх век, а таксама падпалілі некалькі дамоў і вясковы рынак.
Атака на Салхан — самая крывавая зь 2015 году, калі пачаўся ўзброены канфлікт войскаў Буркіна-Фасо з тэрарыстычнымі групамі, зьвязанымі з «Аль-Каідай». Цягам гэтага пэрыяду тыдні баёў зьмяняліся адносным спакоем. З сакавіка 2020 па красавік 2021 інтэнсіўнасьць узброенага процістаяньня зноў павялічылася, але ўжо ў траўні прэзыдэнт Роч Кабарэ, выступаючы на поўначы краіны ў горадзе Сэба заявіў, што «мір вярнуўся ў рэгіён».
Тэрарыстычныя групоўкі зь 2020 году імкнуцца ўзяць пад кантроль правінцыю Яга, дзе месьціцца Салхан. Тут ёсьць залатыя руднікі, якія ісламісты хочуць выкарыстоўваць як крыніцу ўзбагачэньня. Раней урад Буркіна-Фасо прызнаў, што здолее справіцца з баевікамі толькі пры збройнай дапамозе Францыі і ЗША.
Буркіна-Фасо — краіна ў Заходняй Афрыцы, якая ня мае выхаду да мора. У тэрарыстычных атаках агулам загінулі больш за 100 тысяч чалавек пры насельніцтве ў 21,5 млн чалавек.