Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Беларусь прадае ў ЗША і што там купляе


Чым гандлююць ЗША і Беларусь?
Чым гандлююць ЗША і Беларусь?

16 чэрвеня Джо Байдэн і Ўладзімір Пуцін правядуць перамовы ў Жэнэве. У Белым доме заявілі, што падчас перамоваў закрануць падзеі ў Беларусі. Глядзім, чым Беларусь гандлюе з ЗША.

Па выніках мінулага году ЗША ўвайшлі ў дзясятку галоўных гандлёвых партнэраў Беларусі. Летась таваразварот паміж Беларусьсю і ЗША склаў 734,3 мільёна даляраў, экспарт — 199,2 мільёна даляраў, імпарт — 535,1 мільёна даляраў.

Што Беларусь прадае ў ЗША

Калійныя ўгнаеньні

За мінулы год ЗША набылі беларускіх калійных угнаеньняў на 100,9 мільёна даляраў. Гэта 4,1% ад усяго экспарту калійных угнаеньняў у грашовым вымярэньні за мінулы год. А са студзеня па сакавік — на 83,7 мільёна даляраў, згодна з дадзенымі Белстату.

Мэтал

ЗША набывае ў Беларусі вырабы з мэталу і жалеза. Напрыклад, летась ЗША купілі дроту з жалеза беларускай вытворчасьці на 2,2 мільёна даляраў, трубаў з чорных мэталаў — на 13,5 мільёна даляраў.

Таксама ЗША набылі летась мэталаканструкцый з чорных мэталаў на 166 тысяч даляраў, скручанага дроту з чорных мэталаў на 20 тысяч даляраў.

Аптычная тэхніка

ЗША — адзін з пакупнікоў беларускай аптычнай тэхнікі. Летась аптычных валокнаў і лінзаў ЗША набылі на 900 тысяч даляраў. Кантактных лінзаў ЗША экспартавалі на 712 тысяч даляраў, акуляраў — на 326 тысяч даляраў, аб’ектываў для камэраў — на 3,5 тысячы даляраў.

І нават чалавечыя валасы

Летась ЗША купілі ў Беларусі чалавечых валасоў на 2 тысячы даляраў. Гэта 81 кіляграм.

Што Беларусь купляе ў ЗША

Легкавыя аўтамабілі і транспарт

Летась Беларусь набыла ў ЗША легкавых аўтамабіляў на 34,7 мільёна даляраў. Гэта 647 штук. Транспартных сродкаў з буйным рухавіком унутранага згараньня — на 4,3 мільёна даляраў, транспартных сродкаў з дызэльным рухавіком — на 17,8 мільёна даляраў.

Запчастак для аўтамабіляў і трактароў Беларусь набыла ў ЗША летась на 5,6 мільёна даляраў, матацыклаў — на 1 мільён даляраў.

Мэдычныя прыборы

Летась Беларусь купіла ў ЗША апаратуру для ўльтрагукавога сканаваньня — на 1,7 мільёна даляраў, магнітна-рэзанансных тамографаў — на 2,2 мільёна даляраў, катэтэраў — на 4,7 мільёна даляраў, афтальмалягічных інструмэнтаў — на 6,7 мільёна даляраў.

Вакцыны

У 2020 годзе Беларусь купіла ў ЗША вакцынаў і сывараткі з крыві на 23,7 мільёна даляраў, імуналягічных прадуктаў — на 1,9 мільёна даляраў, вэтэрынарных вакцынаў — на 5,3 мільёна даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG