Узнагароду Сьвятлана Алексіевіч атрымала з рук прэзыдэнта Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера, піша Deutsche Welle. Цырымонія адбылася ў палацы Бельвю, афіцыйнай рэзыдэнцыі прэзыдэнта ў Бэрліне.
Ордэн быў заснаваны ў Нямеччыне ў пачатку 1950-х. У 2014 годзе Алексіевіч атрымала Афіцэрскі крыж ордэна Мастацтваў і літаратуры — ведамасную ўзнагароду Францыі.
У сваёй прамове Штайнмаер зьвярнуўся да шматмесячных пратэстаў у Беларусі, адзначыўшы асобую ролю жанчын у іх. Алексіевіч адзначыла, што «камунізм яшчэ ня мёртвы і гатовы даць апошні бой», мяркуючы па падзеях ва Ўкраіне, Беларусі і Расеі.
На яе думку, гэты лад «жыве ня толькі ў галовах Пуціна ці Лукашэнкі», і з гэтым, «нягледзячы на наш ідэалізм, трэба лічыцца», дадала яна. Яна асабліва падкрэсьліла неабходнасьць працаваць з тымі беларусамі, хто ўсё яшчэ падтрымлівае Лукашэнку.
«Трэба тлумачыць ім сьвет, сваю гісторыю. Трэба тлумачыць, што мы сталі нацыяй», — сказала пісьменьніца.
Таксама на цырымоніі паведамілі, што Алексіевіч піша кнігу пра масавыя беларускія пратэсты.