У красавіку 2020 году «Наша ніва» апублікавала артыкул Прэйгермана «Беларуская дзяржаўнасьць стаіць перад сур’ёзным выпрабаваньнем». У ім аналітык выказаў думку, што Беларусь у найбліжэйшы час чакаюць тры глыбокія крызісы (эпідэмічны, эканамічны і геапалітычны) і што раскол, які ёсьць у краіне, будзе яшчэ больш пагаршаць умовы гэтых крызісаў. З гэтага Прэйгерман зрабіў выснову, што Беларусі як ніколі неабходна адзінства ўсіх грамадзкіх палітычных сілаў. Ён заклікаў і ўладу, і апазыцыю да дыялёгу і еднасьці.
У інтэрвію Свабодзе Яўген Прэйгерман заявіў, што ў краіне адбылося менавіта тое, ад чаго ён засьцерагаў у сваёй публікацыі. Цалкам інтэрвію глядзіце на Youtube. Ніжэй прыводзім ключавыя цытаты з гутаркі.
«Аслабленая краіна — гэта прамы шлях да дзяржаўнай катастрофы»
«У артыкуле да выбараў я пісаў і папярэджваў, што калі мы дапусьцім лабавое сутыкненьне паміж аўтарытарнай уладай і пратэстам, які паводле азначэньня яшчэ не гатовы, каб перамагчы ў такім сутыкненьні, то адзінае, што мы атрымаем — трагедыю, якая падарве краіну знутры. А ведаючы нашыя геапалітычныя рэаліі, лёгка было прагназаваць, што гэта скончыцца геапалітызацыяй сытуацыі. Аслабленая краіна — гэта прамы шлях да дзяржаўнай катастрофы».
«Мы даказваем, што не падрыхтаваныя, каб быць паўнавартаснай незалежнай дзяржавай»
«На розных міжнародных канфэрэнцыях мне даводзілася чуць, што Беларусь атрымала незалежнасьць выпадкова. Тады ў артыкуле я падкрэсьліў, што мы маем, напэўна, першы шанец за 30 гадоў, каб даказаць усім, што гэта невыпадкова. На вялікі жаль, пакуль мы ідзём да таго, што даказваем, што гэта было выпадкова і што мы не падрыхтаваныя, каб быць паўнавартаснай незалежнай дзяржавай. У нас няма ўнутранай эліты, якая можа дамовіцца паміж сабой і пазьбегнуць таго, што, на вялікі жаль, непазьбежна, калі мы падрываем сябе знутры».
«Не дзеля таго ён ідзе на ўсё для захаваньня ўлады, каб потым сказаць, што дыялёг — гэта ОК»
«Было б дзіўна чакаць ад аўтарытарнай улады, што яна пойдзе на дыялёг з тымі, каго яна разглядае непасрэдным ворагам. Другі фактар тэхнічны. Калі вы паглядзіце, што мелася на ўвазе пад дыялёгам (ня тое, што гаварыла асяродзьдзе Ціханоўскай, а больш важна тое, што казалі заходнія краіны, пляцоўка АБСЭ), фактычна яны мелі на ўвазе, што Аляксандар Лукашэнка пачынае размаўляць пра сваю адстаўку. Не дзеля таго ён ідзе на ўсе захады, каб захаваць сваю ўладу, каб потым сказаць, што ок, дыялёг гучыць добра, прышпільна, сучасна, таму мы яго пачынаем».
«Цяпер наіўна чакаць нечага іншага»
«Калі б было магчыма зрабіць крок назад, то гэта б здарылася. Я пра гэта папярэджваў. Неяк выстройваць камунікацыю можна было на падставе тых працэсаў, якія ішлі ў нашай краіне цягам апошніх 5-6 гадоў. Я размаўляў і з прадстаўнікамі ўладных асяродкаў. Яны таксама мелі шмат прэтэнзій, што ідуць пэўныя пераўтварэньні, якія не суадносяцца зь іх уяўленьнем, што мае адбывацца ў краіне, і што яны мусяць сутыкацца і размаўляць зь людзьмі, якіх яны раней лічылі палітычнымі або асабістымі ворагамі. Гэта быў вельмі здаровы працэс, і ён заняў бы шмат часу. Невядома, чым бы ён скончыўся, але шанцаў, каб мы сапраўды выбудавалі дзяржаву, якая базуецца на паразуменьні паміж палітычнымі апанэнтамі, было больш. А цяпер наіўна чакаць нечага іншага».
«Улады пабачылі абсалютную нецярпімасьць з боку сваіх ідэалягічных апанэнтаў»
«Я спрабаваў распачаць дыскусію пра гэта за некалькі месяцаў да выбараў. Але ўжо, напэўна, было позна. Патрэбны былі сыгналы з абодвух бакоў, што ніводзін з бакоў ня хоча ісьці на сутыкненьне, якое паставіць пад пытаньне ўнутраную стабільнасьць і дзяржаўнасьць, і таксама што кожны з бакоў бачыць на другім баку сваіх суайчыньнікаў, людзей, якім баліць за Беларусь. Нават калі паглядзець на тую рэакцыю, якую я атрымаў на той артыкул, я магу толькі ўявіць, якія высновы на падставе гэтага зрабілі людзі, якія зьяўляюцца ўладай. Яны пабачылі абсалютную нецярпімасьць з боку сваіх ідэалягічных апанэнтаў. Нават тыя, хто лічыў, што 5-6 гадоў ідуць вельмі здаровыя працэсы, яны пачалі сумнявацца, ці можна з тым бокам пра нешта размаўляць, калі першае, што яны атрымаюць пасьля зьмены ўлады, гэта судовыя працэсы».
«Калі Лукашэнка будзе кантраляваць сытуацыю, то зь ім будуць наладжваць адносіны»
«Калі вы маеце спробу няўдалай рэвалюцыі, то за гэтым ідзе контрарэвалюцыя. Было відавочна, што будзе менавіта так. Я спадзяюся, што ўлада спыніцца, я намагаюся праводзіць паралелі з 2010 годам, тады таксама былі падобныя працэсы. Але маштаб крызісу быў іншы. Тады за год змаглі ўсё зачысьціць, цяпер спатрэбіцца больш. Вярнуцца цалкам на папярэднія рэйкі будзе вельмі цяжка. Але калі Лукашэнка будзе заставацца чалавекам, які кантралюе сытуацыю і прымае рашэньні, якія для краіны зьяўляюцца канчатковымі, то так ці інакш будуць шукацца варыянты, каб наладжваць зь ім адносіны».
«Пасьля гэтага прэзыдэнцкага тэрміну імя прэзыдэнта ў Беларусі будзе іншае»
«Пасьля гэтага прэзыдэнцкага тэрміну мы пабачым сур’ёзныя зьмены. Хутчэй за ўсё, імя прэзыдэнта ў Беларусі будзе іншае. І гэта, магчыма, будзе выйсьце з сытуацыі. Якая будзе роля Лукашэнкі, мы пабачым. Але вялікая імавернасьць, што гэта ён будзе прымаць ключавыя рашэньні. Думаю, што і сама ўлада знаходзіцца цяпер у стане рэагаваньня. Яна адказвае на тыя выклікі, якія існуюць, і рэагуе на сытуацыю, якая зьмяняецца. Ёсьць агульнае разуменьне, што будуць канстытуцыйныя перамены, каб у выніку зьмены ўлада гарантавала сабе мэханізмы захаваньня ўлады».
«У любым выпадку гэта пэўны пачатак транзыту»
«У лабавым сутыкненьні ўлада перамагла. Было б дзіўна, каб аўтарытарны рэжым, які мае такі ўзровень рэпрэсіўнай машыны, які падтрымліваецца Расеяй, каб ён не перамог. Ясна, што якасна сытуацыя ня вернецца ў ранейшы стан. Цяпер рэжыму трэба захаваць уладу, сваю поўную дамінацыю і неяк рухацца наперад. Калі ня будзе крызісаў, то сытуацыя вырашыцца так, што будзе перафарбаваная палітычная сыстэма. Сутнасьць яе застанецца ранейшай. Але празь нейкія тэхнічныя зьмены ўлада прапануе нейкую новую мадэль. Ня будзе проста іншага выйсьця, акрамя як яе прыняць. У любым выпадку гэта пэўны пачатак транзыту. Тут хутчэй паралелі з Казахстанам, дзе таксама быў амаль пажыцьцёвы лідэр, але які фармальна зьмяніў сваю прапіску. Думаю, што пра такое, хутчэй за ўсё, будзе ісьці гаворка і ў нас».
«Ня бачу мэханізмаў, як санкцыі прывялі б да пажаданых вынікаў»
«Сакнкцыі ўводзіліся ўжо шмат разоў. Я ня бачу мэханізмаў, якія б праз павелічэньне ціску прывялі да пажаданых вынікаў. Ёсьць шмат прыкладаў іншых краінаў, якія паказваюць, што так гэта не працуе. Нават у канцы 1980-х, калі санкцыі ўводзіліся жорсткія, многімі краінамі, толькі траціна зь іх была эфэктыўнай. А ва ўмовах Беларусі, дзе ёсьць ключавы партнэр Расея, імавернасьці, што цяпер гэта спрацуе, няма. Калі першы раз уводзіліся амэрыканскія санкцыі, у Менску былі ўпэўненыя, што такое ж рашэньне прыме і ЭЗ, а гэта быў бы неймаверны ўдар па беларускай эканоміцы. Але Менск не шукаў спосабу дамовіцца, ён пачаў рыхтавацца да таго, як ён будзе жыць у новых, санкцыйных умовах. І думак пра саступкі не было. Не бачу падставаў, чаму гэтым разам мае быць інакш».
«Расея была зацікаўленая, каб ён выйшаў значна аслабленым. Так і атрымалася»
«У канцы 2018 году прэм’ер-міністар Расеі выступіў з ультыматумам у Берасьці, маўляў, трэба вызначыцца: ці мы працягваем паглыбляць нашую двухбаковую інтэграцыю праз дамову 1999 году, ці цалкам пераходзім на міждзяржаўныя стасункі. Зразумела, усе выбралі першы варыянт, пачаліся перамовы, дарожныя мапы. І недзе ў канцы 2019-га — пачатку 2020 году фактычна гэты працэс спыніўся. Тады Лукашэнка адчуваў сябе абсалютна ўпэўнена, каб сказаць „не“ на ўсе тыя прапановы, якія, як ён лічыў, могуць пашкодзіць беларускаму сувэрэнітэту і ягонай асабістай татальнай уладзе. І Расея таксама ўзяла паўзу, каб паглядзець, у якім стане Лукашэнка выйдзе з прэзыдэнцкай кампаніі. Расея была зацікаўленая, каб ён выйшаў значна аслабленым. Так і атрымалася, нават больш, чым чакалі ў Маскве. І цяпер бакі вярнуліся да тых перамоваў. Манэўры ў Лукашэнкі ёсьць, але рабіць яму гэта вельмі цяжка. Раней у яго было мэню на 10 старонак, а цяпер добра, калі ёсьць адна старонка».
«Калі адбудзецца радыкалізацыя, то кроў будзе вялікая»
«Калі адбудзецца радыкалізацыя, то кроў будзе вялікая. З аднаго боку ёсьць аўтарытарныя ўлада, узброеная, і ёсьць нейкая групоўкі, ці мо будуць, якія могуць нешта распачаць. Але наступствы можна бачыць ужо цяпер: колькі людзей страцілі жыцьцё, знаходзяцца за кратамі, колькі сем’яў з гэтым сутыкнуліся, зьехалі. Уявіце, калі пачнецца супраціў са зброяй. Нават калі тады, у жніўні, камусьці з асяродкаў улады здавалася, што Аляксандар Лукашэнка падае, а ён ня ўпаў, то як ён упадзе цяпер? Толькі ў тым выпадку, што тыя фактары, якія не далі яму ўпасьці тады, будуць зьмененыя. Сацыялягічныя дасьледаваньні, якія я бачыў, сьведчаць пра тое, што ва ўмовах, калі не адбылося хуткай перамогі ў сутыкненьні, усё большая колькасьць людзей пачынае ўстрымлівацца ад пратэстаў».
«Ты ня можаш нават страйк зрабіць, то пра што можна гаварыць»
«Лідэрства — гэта ня проста назвацца кімсьці, гэта нейкія дзеяньні. Гэта калі людзі бяруць на сябе адказнасьць, прапануюць нейкі шлях вырашэньня, і ён рэалістычны. Гэта ня тое, што нехта заклікае прагаласаваць онлайн або я раблю ўльтыматум, які толькі паказвае, што ў мяне няма ніякага фактычнага ўплыву на тое, што адбываецца. Ты ня можаш нават страйк зрабіць, то пра што можна гаварыць. Я нікога не абвінавачваю, гэта аналітычны факт. Гэтых фактараў не было, і я ня бачу, як яны маюць узьнікнуць цяпер. Таму я ня бачу, як можна пачацца новая хваля пратэстаў, якая якасна зьменіць сытуацыю».