Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША заклікаў Расею не хаваць хакераў


Энтані Блінкен
Энтані Блінкен

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заклікаў Маскву змагацца са злачыннымі групоўкамі, якія робяць кібэратакі супраць амэрыканскіх кампаній і аб’ектаў інфраструктуры, і не хаваць асоб, якія маюць дачыненьне да гэтых кібэратак.

Блінкен зрабіў гэтую заяву пасьля таго, як ФБР прыйшло да высновы, што за нядаўняй хакерскай атакай на найбуйнейшую мясаперапрацоўчую кампанію JBS USA стаіць групоўка, зьвязаная з Расеяй.

У заяве ФБР гаворыцца, што напад верагодна зьяўляецца справай хакерскіх груповак REvil і Sodinokibi. Шэраг экспэртаў лічаць, што гэта розныя назвы адной і той жа групоўкі.

Канцэрн JBS быў вымушаны ў аўторак спыніць вытворчасьць мяса на дзевяці мясакамбінатах, якія пастаўляюць на амэрыканскі рынак каля чвэрці усяго аб’ёму ялавічыны, спажыванай амэрыканцамі. Прычынай спыненьня вытворчасьці стала «арганізаваная кібэратака», якая закранула кампутарныя сыстэмы JBS ў Злучаных Штатах і Аўстраліі.

Паводле дадзеных прэсы, кампанія стала аб’ектам атакі з ужываньнем так званай праграмы-вымагальніка, пры дапамозе якой кібэрзлачынцы блякуюць кампутары і вяртаюць доступ да іх пасьля атрыманьня выкупу. Раней падобная кібэратака прывяла да прыпыненьня буйнога трубаправоду Colonial Pipeline, пасьля чаго ў шэрагу штатаў узьнік дэфіцыт бэнзіну і вырасьлі цэны на паліва.

«Арганізацыя, якая нясе адказнасьць за гэтую атаку, яе лідэры былі ў Расеі, знаходзяцца ў Расеі, таму я думаю, што Расея абавязаная зрабіць усё, каб гэтага не здаралася зноў», — сказаў Блінкен. Раней пра «расейскі сьлед» паведамілі таксама ў Белым доме.

Пры гэтым, у адрозьненьне ад хакерскіх нападаў на сэрвэры Дэмакратычнай партыі ў 2016 годзе і шэраг дзяржаўных устаноў ЗША, улады Злучаных Штатаў не абвінавачваюць у хакерскіх атаках наўпрост улады Расеі ці расейскія спэцслужбы. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн раней заяўляў, што асабіста Ўладзімір Пуцін наўрад ці аддаваў распараджэньні аб гэтых нападах.

Тым ня менш, як паведаміў Белы дом, Байдэн мае намер абмеркаваць пытаньне аб кібэратаках і магчымым ўкрываньні хакераў з прэзыдэнтам Пуціным падчас саміту 16 чэрвеня ў Жэнэве.

«Прэзыдэнт Байдэн лічыць, што прэзыдэнт Пуцін і расейскі ўрад павінны адыграць сваю ролю ў спыненьні і папярэджаньні такіх нападаў», — сказала прадстаўнік Белага дому Джэн Псакі.

Расейскія ўлады адмаўляюць якую-небудзь датычнасьць да нападаў і сьцьвярджаюць, што хакерскія групоўкі могуць дзейнічаць з розных краін сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG