Канфлікт на ўсходзе Украіны можа мець толькі палітычнае вырашэньне, і такі падыход застанецца нязьменным, сказаў ён.
«Пастаўкі зброі ў гэтым не дапамогуць», — заявіў Маас у ходзе відэаканфэрэнцыі зь міністрамі замежных справаў краін NATO.
Маас нагадаў, што з 2014 году Нямеччына выдзеліла Ўкраіне амаль два мільярды эўра на невайсковыя выдаткі, а канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель удзельнічае ў перамовах аб мірным урэгуляваньні ў Данбасе ў «нармандзкім фармаце».
Раней на гэтым тыдні прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію газэце Frankfurter Allgemeine Zeitung даў зразумець, што Кіеў хацеў бы атрымаць вайсковую дапамогу ад Бэрліна. Украіна зацікаўленая ў патрульных катэрах, аўтаматычнай зброі, сродках радыёсувязі і бронетэхніцы, адзначыў Зяленскі.
- Канфлікт у Данбасе працягваецца з 2014 году. Тады часткі Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны выйшлі з-пад кантролю Кіева. Ахвярамі канфлікту сталі прынамсі 13 тысяч чалавек.
- У рэгіёне ўрэгуляваньнем канфлікту займаецца трохбаковая кантактная група ў складзе прадстаўнікоў Украіны, Расеі і АБСЭ. Выпрацоўкай палітычнага рашэньня займаецца «нармандзкая чацьвёрка», у якую ўваходзяць кіраўнікі Нямеччыны, Расеі, Украіны і Францыі.
- Украіна і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ў падтрымцы ўзброеных сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Масква ўсе абвінавачаньні адхіляе.