Такое рашэньне ўхвалілі сёньня на пасяджэньні камісіі з ініцыятывы міністра энэргетыкі Ўкраіны Германа Галушчанкі.
«Пры гэтым мы ўлічваем наш ранейшы досьвед і памятаем, як праходзілі ацяпляльны сэзон гэтай зімой. Мы не забываем, што трэба захоўваць балянс інтарэсаў дзяржавы, спажыўцоў і ліцэнзіянтаў. Тэарэтычна спыненьне паставак як рынкавага мэханізму можа прывесьці да злоўжываньняў і маніпуляцый на рынку», — заявіў кіраўнік камісіі Валерый Тарасюк.
Паводле яго, камісія супольна зь Міністэрствам энэргетыкі і кампаніяй «Укренерго» будзе адсочваць сытуацыю з назапашваньнем вугалю, каб паўнавартасна падрыхтавацца да асеньне-зімовага пэрыяду 2021–2022 гадоў.
У ліпені 2020 году, калі Ўкраіна аднавіла пастаўкі сваёй электраэнэргіі ў Беларусь. Герман Галушчанка (на той момант віцэ-прэзыдэнт дзяржаўнай кампаніі «Енергоатом») назваў іх «першай перамогай на шляху да заяўленай мэты — бесьперабойнага экспарту». Паводле кантракту, гэтая электраэнэргія прызначалася для далейшага продажу за мяжу.
«Маем цудоўныя шанцы выйсьці на рынак Балтыі — транзытам празь Беларусь, над чым цяпер і працуем», — казаў Герман Галушчанка ў кастрычніку 2020 году.
Гэтаму кантракту папярэднічала заява ўраду Ўкраіны аб намеры спыніць пастаўкі беларускай электраэнэргіі на ўкраінскі рынак, бо ўкраінскія кампаніі ня маюць аналягічнага доступу на беларускі рынак.
У 2020 годзе Ўкраіна паставіла на беларускі рынак 82,8 мільёна кіляват-гадзін.
Апошнія два гады апанэнты ўкраінскай улады рэзка крытыкуюць пастаўкі беларускай электраэнэргіі на ўкраінскі рынак. Найперш вядзецца пра Беларускую АЭС, якую ва Ўкраіне разглядаюць як расейскі праект і як спробу Расеі аднавіць кантроль над энэргасыстэмай Украіны.
Беларусь цягам студзеня–сакавіка 2021 году павялічыла пастаўкі электраэнэргіі ва Ўкраіну ў 3,8 раза да 503,5 мільёна кіляват-гадзін у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Але ўжо ў лютым-сакавіку аб’ёмы пастаўкі беларускай электраэнэргіі пачалі зьніжацца.
Сёлета ў сакавіку прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, выступаючы ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, заклікаў украінскія ўлады адмовіцца ад закупаў беларускай атамнай энэргіі.
У красавіку Вярхоўная Рада Ўкраіны ўнесла ў закон аб рынку электрычнай энэргіі зьмены, якія дазваляюць забараніць пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі.
У прыватнасьці, дэпутаты вярнулі рэгулятару рынку электраэнэргіі паўнамоцтва зацьвярджаць парадак разьмеркаваньня прапускной здольнасьці міждзяржаўных перасылак электраэнэргіі з трэцімі краінамі. У гэтую групу краін уключаныя «дзяржавы, якія не зьяўляюцца чальцамі (або бокам) Эўрапейскага Зьвязу ці Энэргетычнай супольнасьці».