Паводле Лукашэнкі, ва ўсім вінаватая Ўкраіна, якая «закрыла для беларусаў неба», спасылаецца на яго праўладны тэлеграм-канал «Пул первого».
«У нас ёсьць свой санаторый у Крыме, у Місхоры, куды людзі заўсёды езьдзілі, лёталі. Каб не абвастраць адносіны, мы праз Украіну — хто на цягніку, хто на аўтамабілі, хто на самалёце. Зараз закрылі неба. Я Пуціну сказаў: «Ты падумай, як нам трапіць у Крым. Не праз Польшчу ж паляцім, туды таксама не пускаюць», — казаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Беларусь і Расея ужо працуюць над пытаньнем адкрыцьця авіярэйсаў у Крым. Таоке даручэньне далі кампэтэнтным ведамствам.
Лукашэнка выказаў упэўненасьць, што «праблемаў ня будзе». Маўляў, дзесьці неба закрылі, але ёсьць больш адкрытыя дзяржавы, праз якія заўсёды можна трапіць на любімую беларусамі паўвыспу.
Да таго кіраўнік авіякампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец казаў, што не плянуецца рэйсаў у Крым, пакуль ня будзе прынята адпаведнае палітычнае рашэньне.
Міжнародная супольнасьць, за рэдкім выключэньнем, не прызнала анэксію Расеяй украінскай тэрыторыі, праз гэта Крэмль абкладзены міжнароднымі санкцыямі.