Мікола Статкевіч за кратамі ўжо амаль год. Яго вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў. Жонка палітыка Марына Адамовіч, пасьля шматразовых адмоваў у сустрэчы з мужам, 26 траўня змагла зь ім убачыцца.
«Ён выглядае цудоўна, маю на ўвазе тое, што ён абсалютна не зьмяніўся. Што тычыцца пытаньняў яго здароўя, то гэта абсалютна асобная справа, — кажа Марына Адамовіч. — Ён казаў, што былі спробы «на разьвітаньне» ў Жодзіне неяк справакаваць пагаршэньне ягонага стану. Аднак для нас гэта ня нешта новае, не ўпершыню ў ягоным жыцьці здараюцца спосабы вызваць нейкія натуральныя прычыны, якія маглі б прывесьці да пагаршэньня здароўя, або нават да горшых вынікаў».
Марына Адамовіч расказала таксама пра ўмовы, у якіх яе мужа этапавалі ў Гомельскае СІЗА:
«Мікалай сказаў, што зь вялікай колькасьці вязьняў, якіх этапавалі ў розныя месцы, толькі тры чалавекі ехалі ў кайданках — гэта ён, Сяргей Ціханоўскі і Ігар Лосік. Прычым кайданкі гэтыя былі адмыслова на вывернутых руках, то бок далоні былі складзеныя адна да адной тыльным бокам. Да таго ж у гэтых руках яны яшчэ трымалі ўсе свае рэчы».
Этап з Жодзіна ў Гомель цягнуўся паўтара дня
Па словах Марыі, склалася адчуваньне, што такімі дзеяньнямі сілавікі хацелі прадэманстраваць, што да Мікалая, Ігара і Сяргея ёсьць нейкае адмысловае стаўленьне.
Само этапаваньне цягнулася каля 1,5 дня. Усё гэта ў сталыпінскіх вагонах са скаванымі рукамі, з рэчамі, якія яны пры гэтым несьлі, і яшчэ з гэтак званымі ператрусамі, калі іх рэчы вывальваюць на зямлю, а пасьля гэтага ты, таксама са скаванымі рукамі, павінен іх сабраць у свае торбы і зноў перад сабой іх несьці, — дадае Марына.
Па яе словах, Ігара і Сяргея Мікалай бачыў у вагоне. Іх траіх разам даставілі ў СІЗА ў Гомлі.
«Там агульныя вагоны з асобнымі закратаванымі купэ. Мікалая чамусьці адмыслова вялі праз увесь вагон у дальняе купэ, тады ён і мог пабачыць Ігара і Сяргея. Мікалай толькі сказаў што Сяргей вельмі схуднеў, і ён яго нават адразу не пазнаў. Гэта адзіны чалавек, якога ён ведае ў сваёй справе».
Пра настрой і выгляд Статкевіча
Саму справу, па словах Марыны Адамовіч, яе муж не прызнае цалкам, як і тыя органы, якія зьбіраюцца яго судзіць. Нягледзячы на доўгі час у зьняволеньні, настрой і выгляд у Мікалая Статкевіча добры, кажа Марына:
«Мікалай заўсёды будзе добра выглядаць, таму што ўсё, што з чалавекам адбываецца, і ўсё, ад чаго залежыць яго стан, знаходзіцца ў яго сэрцы, душы і галаве. І калі ты вельмі перакананы ў тым, што робіш, гэта ня можа не адбівацца на тваім зьнешнім выглядзе. Яшчэ ж з 2010 году, з тых доўгіх 5 гадоў, якія ён знаходзіўся ў самых жорсткіх умовах, бо 4 гады тады ён правёў ва ўмовах камэры, ня бачыўшы ні сонейка, ні травінкі, ні дрэва, нічога, ён выглядаў вельмі адметна. Гэта было заўважна на нашых кароткіх спатканьнях».
Пра навіны ў зьняволеньні
Марына кажа, што нягледзячы на этап і на тое, што ў Міколы яшчэ раней адабралі ўсю прэсу — перасталі перадаваць падпісаныя газэты і часопісы, ён дастаткова добра паінфармаваны:
«Ён сказаў, што ім адмыслова прынесьлі газэту СБ, зь якой ён даведаўся пра выпадак з пасадкай лайнэра, ён таксама ведаў пра сьмерць Вітольда Ашурка і пра прысуд Паўлу Севярынцу, Яўгену Афнагелю... Ён умее чытаць газэты, нават такія адыёзныя і страшныя».
На спатканьні з жонкай Мікалай таксама падкрэсьліў, што абсурднасьць і сюррэалістычнасьць таго, што адбываецца, дае значна большую надзею, чым калі б усё ціхенька згасла (маецца на ўвазе той узровень рэпрэсій, які нарошчвае дзяржава). І іх абсурднасьць дазваляе спадзявацца, што гэта ня пройдзе і ня згасьне так само па сабе.
Мікалай прасіў перадаць людзям, каб яны захавалі любыя формы аб’яднаньня, тое, што набылі за апошні год, бо сытуацыя вельмі хутка можа памяняцца, і гэтае аб'яднаньне вельмі хутка можа спатрэбіцца, адчуваньне супольнасьці. Ён дзякаваў людзям, якія працягваюць, нягледзячы на ўсе перашкоды, пісаць яму і падтрымліваць іншых палітычных вязьняў і іх блізкіх, дадала Марына Адамовіч.
4 траўня стала вядома, што справу шэрагу палітвязьняў будзе разглядаць Гомельскі абласны суд. Сярод абвінавачаных — блогер Сяргей Ціханоўскі, былы кіраўнік перадвыбарчага штабу сваёй жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, палітык Мікалай Статкевіч, блогеры Ігар Лосік і Ўладзімер Цыгановіч (MozgON), а таксама апэратар Ціханоўскага Арцём Сакаў і мадэратар сацсетак «Страна для жизни» Дзьмітры Папоў.
Ціханоўскаму, Сакаву і Папову інкрымінуюць:
- арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу);
- распаўсюджваньне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальваньне сацыяльнай варожасьці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК);
- пагрозы на адрас старшыні ЦВК Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 191 КК);
- арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя з прымяненьнем гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).
Мікалаю Статкевічу прад’яўлена абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК).
Ігара Лосіка і Ўладзімера Цыгановіча вінавацяць паводле артыкулаў:
- распальваньне сацыяльнай варожасьці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130 КК);
- арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і збройным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).
Блогерам Лосіку і Цыгановічу пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Астатнім фігурантам справы — да 15 гадоў.