Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома пра суіцыд 18-гадовага падазраванага па справе за масавыя беспарадкі

абноўлена

Менск у пачатку пратэстаў, жнівень 2020
Менск у пачатку пратэстаў, жнівень 2020

Увечары 25 траўня Дзьмітры Стахоўскі, фігурант крымінальнай справы за ўдзел у «масавых беспарадках» 9-11 жніўня 2020 году (ч. 2 арт. 293 КК), скончыў жыцьцё самагубствам, скокнуўшы з 16-павярховага будынка ў Менску.

«Калі вы гэта чытаеце, значыць мяне няма ў жывых», — такі запіс напярэдадні зьявіўся на ягонай старонцы «ВКонтакте».

Як высьветлілі праваабаронцы цэнтру «Вясна», Дзьмітры Стахоўскі быў сіратой, жыў у інтэрнаце. Нібыта супрацоўнікі гэтай установы паказалі на яго як на ўдзельніка мінулагодніх акцый пратэсту, пасьля чаго падлетак стаў фігурантам крымінальнай справы паводле арт. 293 КК.

Спачатку паведамлялася, што Дзьмітрыю 17 гадоў, потым стала вядома, што 31 студзеня яму споўнілася 18.

Удзень 25 траўня юнак быў на допыце ў Сьледчым камітэце, а ўвечары ўчыніў суіцыд.

Перад гэтым Дзьмітры Стахоўскі пакінуў перадсьмяротны пост, у якім патлумачыў свой радыкальны ўчынак крымінальным перасьледам праз удзел у мітынгах: «Віной таму стаў Сьледчы камітэт», — удакладніў ён.

«Калі б на мяне не працягвалі маральна ціснуць, думаю, я б не адважыўся на такі жудасны ўчынак як суіцыд. Але мае сілы былі на сыходзе», — напісаў ён у сваёй апошняй прыжыцьцёвай публікацыі.

Знаёмым хлопца званілі з міліцыі, пыталіся пра трагедыю

«Дзіма сірата. Жыў адзін. Але ён быў адміністратарам у гульні «Клэш оф кланс», таму меў грошы, – раcказаў «Нашай Ніве» яго сябар. – Ён здымаў кватэру, але пасьля завядзеньня крымінальнай справы яго пасялілі ў інтэрнаце.

Не ведаю, калі на яго завялі крымінальную справу, але, здаецца, што нядаўна. Але ён баяўся, што яго пасадзяць, як і любы чалавек…

Як ён казаў, суіцыд – выхад ад усіх праблем. Казаў, што не хоча за краты, і таму зьдзейсьніць суіцыд. Спачатку мы ставіліся да гэтага з усьмешкай, але пасьля зразумелі, што сьмешнага мала. Мы падтрымлівалі яго як маглі».

Сяброўка Дзьмітрыя напісала, што раніцай знаёмым хлопца званілі з міліцыі, пыталіся пра трагедыю.

Ціханоўская: «Рэжым працягвае забіваць»

Трагедыю пракамэнтавала і Сьвятлана Ціханоўская.

«Сёньня ўсе мы зноў даведаліся горкую і шакавальную навіну. Пасьля допыту Дзьмітры Стахоўскі наклаў на сябе рукі. Ён пакінуў перадсьмяротную запіску, у якой прама ўказаў на вінаватага ў сваёй сьмерці — Сьледчы камітэт... Дзіма быў сіратой і жыў у інтэрнаце, супрацоўнікі якога паказалі на яго як на ўдзельніка пратэстаў. Ён стаў абвінавачаным у крымінальнай справе, з-за гэтага ён не знайшоў іншага рашэньня, акрамя як пакончыць з сабой».

Рэжым Лукашэнкі, па словах Ціханоўскай, працягвае забіваць людзей без разбору: і пратэстоўцаў на вуліцах, і ганарлівых вязьняў сумленьня, і іншых, маладых, хто не плянаваў паміраць.

«Мы, беларусы, ужо ня можам выратаваць Дзіму. Але мы павінны выратаваць 9 мільёнаў чалавек, мы павінны выратаваць сябе як нацыю. Каб такі жах не паўтарыўся больш ніколі», — дадала палітык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG