Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ня так з палётам Ryanair над Беларусьсю. Разьбіраемся з авіяэкспэртам


Тракторыя самалёту Ryanair над Беларусьсю
Тракторыя самалёту Ryanair над Беларусьсю

Расейскі авіяэкспэрт Вадзім Лукашэвіч у інтэрвію «Свабодзе» аналізуе інфармацыю пра палёт рэйсу Ryanair над Беларусьсю і пералічвае магчымыя прычыны прызямленьня ў Менску, нягледзячы на тое, што да віленскага аэрапорту заставаліся лічаныя хвіліны.

Пра кампэтэнтнасьць Лукашэвіча:

  • Кандыдат тэхнічных навук
  • Былы канструктар Досьледна-канструктарскага бюро імя Паўла Сухога
  • Прымаў удзел у стварэньні зьнішчальнікаў Су-33 (Су-27К) і Су-35 (Су-27М), і ўдарнага самалёту Су-34 (Су-27В).
  • У 2011-2015 гадах – экспэрт касьмічнага кластэра фонда Сколкава
  • Аўтар кнігі «Трагедыя МН17: праўда і хлусьня», у якой падрабязна зьняпраўдзіў афіцыйную вэрсію Расеі наконт зьбіцьця лайнэра над Данбасам
Вадзім Лукашэвіч
Вадзім Лукашэвіч

Самалёт не рыхтаваўся да пасадкі ў Вільні. А павінен быў

«Учора ўвечары на сайце flightradar24.com зьявілася падборка па траекторыі самалётаў празь Беларусь у Вільню. Гэта аб’ектыўная рэч. Мы можам спрабаваць разумець, чаму ён так ляцеў, але тое, што ён так ляцеў — гэта факт. І што мы бачым з гэтай расшыфроўкі? Там ёсьць падборка двух дзясяткаў рэйсаў, якія ляталі гэтым жа маршрутам. Там выразна бачна, што самалёт ляціць на крэйсэрскім эшалёне (рэжым палёту з пастаяннай хуткасьцю. — РС), на вышыні прыблізна 10 кілямэтраў. Звычайна самалёты зьніжаюцца, для таго каб сесьці ў Вільні, за 170–180 км ад аэрапорту. Са зьніжэньнем вышыні самалёт яшчэ губляе і хуткасьць. А што было ўчора?

Учора самалёт да самага апошняга моманту не зьніжаў ні вышыні, ні хуткасьці. Ён ішоў на крэйсэрскай вышыні са сваёй хуткасьцю да канца. Фактычна, мы можам сьцьвярджаць абсалютна дакладна, што самалёт не рыхтаваўся да пасадкі ў Вільні. Ён увогуле не рыхтаваўся кудысьці прызямліцца. У яго была галоўная задача — максымальна хутка пакінуць паветраную прастору Беларусі. А ён разьвярнуўся ад мяжы за 30 кілямэтраў да яе, гэта 2 хвіліны палёту.

Ён павінен быў праскочыць мяжу, а далей ён быў бы пад кіраўніцтвам віленскіх дыспэтчараў. І там бы ён ужо зьніжаўся так, як яму трэба, ці пайшоў бы кружляць. Але штатнага зьніжэньня, якое павінна было быць, не было. Я не кажу, што яны не зьбіраліся сесьці ў Вільні. Яны не рыхтаваліся да гэтага. Ім важна было трапіць у Літву, а там бы яны ўжо разабраліся».

Самалёт вырашыў прызямляцца ў Менску. Але віленскі аэрапорт быў бліжэй

«За 2 хвіліны да мяжы яны разварочваюцца. То бок адбываецца штосьці, чаму пілёты прымаюць такое рашэньне. А тут ужо пачынаюцца гіпотэзы і розныя накіды. Зьнішчальнік Міг-29 падляцеў да гэтага самалёта і яго суправаджаў. Беларуская тэлевізія апублікавала фрагмэнт перамоваў пілёта і дыспэтчара. Дыспэтчар у Менску пытаецца: „— А хто вам паведаміў пра неабходнасьць пасадкі ў Менску: аэрапорт вылету, авіякампанія або аэрапорт прылёту?“ І пілёты кажуць: „— Гэта нашае рашэньне“. Асобнае пытаньне, ці можна гэтаму верыць. Але калі гэта праўда, то словы „Гэта нашае рашэньне“ — гэта ўжо наступства.

Любы самалёт, які знаходзіцца ў небе іншай дзяржавы, абавязаны выконваць даручэньні дыспэтчара гэтай дзяржавы. І калі беларускі дыспэтчар скажа, што трэба тэрмінова сядаць, то пілёт, у прынцыпе, павінен гэта прыняць усур’ёз. Але на борце цывільнага судна, тым больш з пасажырамі, камандзір — цар і бог. Ён можа гэта прыняць, а можа і не прыняць. Ён можа гэта праігнараваць. Нам кажуць, што беларускія дыспэтчары яго не прымушалі і пайшлі насустрач. Учора была інфармацыя пра канфлікт на борце, нібыта адбылася амаль бойка з чальцамі экіпажу. Сёньня кажуць, што нічога там не было. Але на борце магло адбыцца нешта экстраардынарнае, што стала прычынай вострай неабходнасьці правесьці экстраную пасадку. Напрыклад, апэндыцыт у пасажыра, або роды ў пасажыркі, або інфаркт ці інсульт. У такой сытуацыі лётчыкі прымаюць рашэньне аб экстранай пасадцы ў найбліжэйшым аэрапорце. З таго пункту, дзе самалёт разьвярнуўся, найбліжэйшы аэрапорт быў у Вільні».

На борце не адбылося нічога, каб экіпаж прасіў пасадкі. А ён папрасіў

«Цікава было б паглядзець размовы з дыспэтчарам цалкам. Бо самалёт ляціць у Вільню і не зьніжае вышыню, як павінен, паводле пляну палёту. Дыспэтчар, які яго вядзе, гэты плян бачыць. І ён абавязаны быў яму сказаць за 170 км, хлопцы, маўляў, а чаму вы вышыню не скідаеце, у вас жа па пляну прызямленьне. Менскі дыспэтчар мусіў нагадаць экіпажу, што яму пара садзіцца. Гэта штодзённы абавязак дыспэтчара, калі ён бачыць, што самалёт ляціць у Вільню і не зьніжаецца. Калі мы пачуем увесь дыялёг з дыспэтчарамі, то мы зразумеем, былі яны ў тэме ці іх выкарысталі ўцёмную. Калі аналізаваць запіс беларускай тэлевізіі, то пілёты гавораць абсалютна спакойным голасам. Па голасе — звычайная, рабочая сытуацыя. Такое адчуваньне, што чалавек адпіў кавы і сказаў: так, гэта нашае рашэньне і ўсё.

Любая неабходнасьць пасадкі з прычыны здарэньня на борце не тлумачыць, чаму яны павярнулі. Больш за тое, яна не тлумачыць, чаму яны першапачаткова, за 170 км, не пачалі зьніжацца. Калі ў цябе, напрыклад, надзвычайная сытуацыя, разгермэтызацыя, то адбываецца ўвогуле рэзкае зьніжэньне, каб не задыхнуцца. То бок сытуацыя на борце адпадае. Там не было такіх абставінаў для таго, каб лётчыкі запыталі пра экстраную пасадку дзе б там ні было. А тым больш у Менску, замест Вільні».

Ніякіх камандаў прызямляцца зь зямлі не было. Але самалёт прызямліўся

«Ніякіх камандаў, каб прызямляцца, зь зямлі не паступала. Так, прынамсі, сьцьвярджае беларуская тэлевізія. Такой каманды не было ані ад беларускага дыспэтчара, ані ад авіякампаніі, ані ад аэрапорту вылету. То бок грэкі не сказалі, што раптам убачылі нешта сумнеўнае і сядайце, дзе вы ёсьць. І тым больш нічога падобнага не было з аэрапорту ў Вільні, які мог сказаць: «Хлопцы, мы закрытыя, аэрапорт замінаваны, сядайце там, дзе можаце». Іншымі словамі, праглядаючы ўсе магчымасьці, мы прыходзім да вельмі цікавай высновы: на борце і на зямлі не было прычын, якія б прымусілі пілётаў разьвярнуцца. Але факт ёсьць. Яны разьвярнуліся і толькі потым пачалі зьніжацца».

Зьнішчальнік павінен быў суправаджаць рэйс да мяжы. А ён суправаджаў у Менск

«І ў нас застаецца толькі адзін фактар — гэта баявы самалёт побач. Уявіце, у цябе над галавой ляціць нейкі транзытны самалёт, і ты даведваесься, што там бомба. І ў чым задача авіяцыі, якую падымаюць па трывозе? Яны павінны глядзець, каб не паўтарылася гісторыя зь вежамі ў Нью-Ёрку, калі самалёт адхіляецца ад маршруту і ўразаецца ў будынак. Зьнішчальнік абавязаны ў першую чаргу сачыць, каб гэты самалёт як ляцеў, так і ляцеў. А калі гэтай «лятаючай бомбе» застаецца да мяжы ўсяго 2 хвіліны палёту, то задача лётчыка — не спрабаваць яго кудысьці завярнуць і пасадзіць. Вось ты ляціш, мілы, і ляці сабе. А праз 2 хвіліны гэта ўжо ня мой галаўны боль, а, адпаведна, Вільні. Таму я схіляюся да думкі, што тут галоўную ролю выканаў зьнішчальнік.

Самы пераканаўчы манэўр зьнішчальніка — на адлегласьці 10–20 мэтраў паказаць, што ў цябе пад жыватом вісяць ракеты

У авіяцыі ёсьць шэраг манэўраў, якія нешта значаць. Напрыклад, перахопліваецца парушальнік. Парушальнік можа ісьці ў рэжыме радыёмаўчаньня. У дадзеным выпадку гэта быў цывільны самалёт. Для таго каб выйсьці зь ім на сувязь, пілёт зьнішчальніка павінен выйсьці на адпаведную радыёчастату і паспрабаваць яму нешта па-ангельску сказаць. Ня факт, што лётчык гэта ведаў. Для такіх мэтаў у авіяцыі ёсьць шэраг манэўраў, калі перахопнік дае зразумець, што трэба зрабіць самалёту.

Напрыклад, рэзкае перасячэньне курсу. Ты ляціш прама, а ён проста перад табой перасякае твой курс, і вельмі блізка. Гэта значыць, што я павінен зьмяніць курс. А гэта быў дзень, вышыня 10 тысяч, яркае сонца. У пілёта шкляны ліхтар, яго бачна, ён можа падляцець і паказаць пальцам ці рукой, маўляў, давай уніз. Але самае пераканаўчае, гэта калі ты падлятаеш на адлегласьць 10–20 мэтраў, паварочваесься жыватом і паказваеш, што ў цябе пад жыватом вісяць ракеты. Гэта значыць, што ты гатовы прымяняць зброю. Я зыходжу з таго, што ўзьдзеяньне на лётчыкаў, дзякуючы якому прынялі такое рашэньне, — гэта нейкія дзеяньні вайсковага зьнішчальніка».

Завэрбаваны экіпаж? Ёсьць адно «але»

«Можа быць вэрсія, што экіпаж ад самага пачатку быў зараджаны. Калі мы зыходзім з таго, што гэта апэрацыя спэцслужбаў, то, магчыма, экіпаж першапачаткова быў пад нейкім узьдзеяньнем. Чалавека можна купіць, можна напалохаць, напрыклад, жыцьцём сваякоў. Калі тут спэцслужбы дзяржавы, а я падазраю, што дзьвюх, бо паміж імі няма асаблівай розьніцы, то, можа, пілёты чакалі нагоды і потым павярнулі.

Але той факт, што яны не рыхтаваліся да пасадкі ў Вільні, — думаю, што пілёты не вінаватыя і да канца рабілі тое, што павінны былі. Галоўная функцыя ў дадзенай сытуацыі — гарантаваць бясьпеку пасажыраў, самалёта і сябе».

Расейскія пасажыры адмовіліся ляцець далей. «Гэта транспарант на ілбе»

«Чатыры пасажыры з расейскім пашпартам засталіся ў Менску. То бок вы расейскі грамадзянін, ляціце з Грэцыі ў Вільню, не ў Маскву ці Піцер, і тут выпадковая пасадка ў Менску. І вы там вырашаеце застацца, хоць вы не беларус. Усё гэта шыта белымі ніткамі. Нашы грамадзяне паўсюль — у Анголе, Лібіі, Солсбэры, Данбасе, і ў Беларусі таксама. Той факт, што яны адмовіліся ляцець далей — гэта ўжо ўсё ясна. Гэта як транспарант на ілбе».

Авіякампанія ўсё зрабіла слушна

«Калі вашае судна захопліваюць піраты, то трэба зь імі ўсё вырашаць палюбоўна і ціха. Бо яны захапілі ня проста твой самалёт, але твой экіпаж і пасажыраў, за якіх ты нясеш адказнасьць. І таму, пакуль самалёт не прызямліўся ў Вільні, авіякампанія маўчала. Гэта правільна. Падчас гэтага этапу павінны працаваць дыпляматы. А калі самалёт у цябе, экіпаж таксама, а пасажыры прыбылі ў месца прылёту, вось тады трэба разьбірацца».

Чаму яшчэ няма расшыфроўкі «чорнай скрыні»

«Бартавы самапісец запісвае ня толькі перамовы, але і любыя перамовы ў кабіне і любыя шумы. Калі нехта ломіцца з салёну ў дзьверы, то гэта тое самае, гэта таксама там будзе. Але ня думаю, што яны ўжо праслухалі самапісцы. Гэта вельмі няпроста. Іх трэба дастаць і на адмысловай апаратуры прачытаць. Я думаю, што ў авіякампаніі такога абсталяваньня нават няма. Гэта робяць спэцыяльныя сэртыфікаваныя службы. Але паказаньні пілётаў таксама важныя».

Былі сытуацыя падобныя. Але такога яшчэ не было

«Гэта выпадак пірацтва ў паветры. Я намагаўся ўзгадаць падобныя выпадкі, і гэта фактычна першы такі выпадак пірацтва ў цывільнай авіяцыі. Былі выпадкі падобныя. Ва Ўкраіне ўзьляцеў самалёт, і яго папрасіў вярнуцца не выпадковы аэрапорт, а аэрапорт вылету. Зьнішчальнікаў тады не падымалі, гэта была пагроза. То бок пілёты спакойна маглі ляцець далей, пакуль бы там рэальна не падняліся зьнішчальнікі. А вось калі б узьляцелі зьнішчальнікі, якія вярнулі б самалёт, тады ва Ўкраіны быў бы зусім іншы твар.

Былі сытуацыі падобныя, але такога сілавога ціску не было. А тут быў прамы ціск на пілёта. Тое, што ўчора адбылося ў небе над Беларусьсю, нічым не адрозьніваецца ад таго, калі самалійскія піраты захопліваюць судны. Там таксама ідзе транзытнае судна, узьнікаюць нейкія ўзброеныя людзі на хуткасных катэрах, і капітан, зыходзячы зь бясьпекі экіпажу, судна і грузу, прымае рашэньне спыніцца. Піраты падымаюцца на борт і забіраюць каштоўнасьці. Тут было тое самае. Піраты спынілі судна, падняліся на борт і забралі тое, што для іх было каштоўнае — Пратасевіча і яго дзяўчыну. Дык там танкер проста ідзе па вадзе і нічога ня плаціць уладам Самалі. А тут рэйс празь Беларусь плаціць Беларусі за пралёт транзытам».

Спэцслужбы Расеі мацнейшыя, і магчымасьцяў больш

«Арганізаваць такую апэрацыю, калі вылет з адной дзяржавы — патрэбная грэцкая агентура. Як толькі чалавек купіў квіток, трэба ведаць, куды ён ляціць, для гэтага трэба сувязі. Патрэбны доступ да базаў усіх эўрапейскіх авіякампаніяў. І ён ляціць у іншую краіну. Трэба разумець маршруты. У гэтай сытуацыі, відаць, нехта больш дасьведчаны і салідны сказаў: „Хлопцы, мы гэтага зайца да вас загонім пад сьцяжкі, а вы яго прызямліце. Рэшту мы возьмем на сябе“.

У Расеі добрыя хакеры, узламаць базу дадзеных проста. Можа быць вонкавае сачэньне. Цяпер, нават калі ты заплаціў картай, пра цябе ведаюць, дзе ты. Спэцслужбы Расеі мацнейшыя, і магчымасьцяў больш. І калі мы кажам пра апэрацыю ў Эўропе, то тут мы дапамаглі».

Гэта не палітычнае пытаньне. Гэта пытаньне бясьпекі авіяцыйных перавозак

«Павінна быць сур’ёзнае расьсьледаваньне, а ня проста заявы. Існуе прававая дзірка наконт палётаў над зонамі баявых дзеяньняў. Гэта стала вядома яшчэ пасьля зьбіцьця малайзійскага лайнэра на Данбасе. Прааналізавалі 20 ваенных канфліктаў і прыйшлі да высновы, што нідзе не забаранялі лятаць. А тут жа не было баявых дзеяньняў. Таму рэакцыя такая. AirBaltica ўжо заявіла, што ня будзе лятаць празь Беларусь. Гэтага мала, бо іншыя будуць.

Цяжка гаварыць пра юрыдычныя наступствы, бо не было прэцэдэнтаў, і таму няма юрыдычнай практыкі, якія будуць наступствы. Адбыўся акт паветранага пірацтва ў цэнтры Эўропы. Гэта не палітычнае пытаньне. Гэта пытаньне бясьпекі авіяцыйных перавозак. І тое, што ўзьнікла ў Беларусі, можа адбыцца ў любой краіне сьвету. Мне б хацелася, каб ICAO (Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі) правяла расьсьледаваньне як структура ААН. Гэтая сытуацыя датычыць нас усіх. Калі я купляю квіток, я павінен мець пэўнасьць, што я далячу.

А цяпер Беларусь, з пункту гледжаньня міжнароднага права, вырашае нейкую ўласную вузкапалітычную праблему, перасьледуе аднаго чалавека. І прычыну вырашае Беларусь. Калі Пратасевіч такі небясьпечны, то зьвяртайцеся ў Interpol, і хай яго затрымлівае Грэцыя. А такія рэчы, калі ставіцца пад пагрозу бясьпека людзей, можа сабе дазволіць цалкам звар’яцелы дыктатар, які плюе на законы і на нормы маралі. Гэта цалкам хворы псыхічна чалавек. Нават у часы «халоднай вайны» выведкі выконвалі задачы, але ніколі не рабілі так, каб ставіць пад пагрозу жыцьці выпадковых людзей».

Інцыдэнт з самалётам Ryanair і затрыманьне блогера Пратасевіча. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
  • 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
  • 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
  • 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
  • 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
  • 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
  • Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
  • «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
  • 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
  • Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
  • Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
  • 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
  • У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG