«Беларусь таксама ў рашэньні суду згаданая, як краіна, якая выдала мяне на верную сьмерць, — сказаў Лапшын Радыё Свабода. — Беларусь у экстрадыцыйным рашэньні суду згадала, што Азэрбайджан — прававая дзяржава, дзе мае правы і бясьпека цалкам гарантаваныя».
У інтэрвію DW Лапшын сказаў, што амаль тры гады чакаў гэтага судовага рашэньня і ўвесь гэты час працягваў атрымліваць пагрозы «ня толькі з боку азэрбайджанскіх карыстальнікаў сацсетак, але і службовых асобаў гэтай краіны». Ён таксама паведаміў, што частку кампэнсацыі накіруе на дабрачыннасьць, у прыватнасьці на дапамогу параненым вайскоўцам Армэніі і Нагорнага Карабаху.
Аляксандра Лапшына, які мае грамадзянства Расеі і Ізраілю, затрымалі ў сьнежні 2016 году ў Менску на запыт Інтэрполу, зроблены Азэрбайджанам. Блогера абвясьцілі ў міжнародны вышук за наведваньне Нагорнага Карабаху без дазволу ўладаў Азэрбайджану.
Супраць выдачы блогера выступалі ўлады Расеі, Ізраілю і Армэніі. У ліпені 2017 году бакінскі суд у Азэрбайджане асудзіў блогера на тры гады пазбаўленьня волі.
У верасьні 2017 году прэзыдэнт Азэрбайджана Ільхам Аліеў памілаваў асуджанага. Яго экстрадавалі ў Ізраіль. У пачатку 2018 году Лапшын падаў скаргу на Азэрбайджан ў Эўрапейскі суд у правах чалавека. Ён абвінаваціў азэрбайджанскія ўлады ў замаху на забойства, катаваньнях і незаконным пазбаўленьні волі.