Амэрыканскія і расейскія чыноўнікі заявілі, што сустрэча адбудзецца ў кулюарах Арктычнай рады ў Рэйк’явіку, яе мэта — падрыхтоўка да патэнцыйнага саміту прэзыдэнтаў Джо Байдэна і Ўладзіміра Пуціна ў наступным месяцы. Дакладная дата і месца правядзеньня гэтага саміту на гэты момант невядомыя.
У Блінкена і Лаўрова, пэўна, будуць і іншыя тэмы дья абмеркаваньня. Гэта будзе іх першая сустрэча пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта Джо Байдэна.
У прыватнасьці, у Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША заявілі, што сустрэча Блінкена і Лаўрова дасьць магчымасьць абмеркаваць пытаньні пабудовы «больш прадказальных адносін з Расеяй».
Злучаныя Штаты нядаўна разышліся з Расеяй у поглядах у шэрагу пытаньняў, у тым ліку ў справе зьняволеньня крамлёўскага крытыка Аляксея Навальнага, нарошчваньня вайсковай прысутнасьці Расіі ля межаў Украіны, кібэратакі на ЗША, расейскага праекту «Паўночны паток – 2» і ўмяшаньня ў заходнія выбарчыя працэсы.
Масква абвінаваціла ЗША ў спробах умяшаньня ў яе ўнутраныя справы.
«Мы аддалі б перавагу больш стабільным і прадказальным адносінам з Расеяй», — заявіў Блінкен 18 траўня.
Разам з тым, паводле яго, ЗША дадуць адказ, калі Расея вырашыць зьвярнуцца да неабдуманых альбо агрэсіўных дзеяньняў насуперак інтарэсам Вашынгтону або яго саюзьнікаў і партнэраў. «Не для таго, каб шукаць канфлікту ці эскаляцыі, а таму, што такія выклікі ня могуць застацца беспакаранымі», — сказаў ён.
Арктычная рада, якая складаецца з васьмі ўдзельнікаў, правядзе сваё пасяджэньне ў Рэйк’явіку 19-20 траўня. Там адзначаць заканчэньне двухгадовага старшынёўства Ісьляндыі і 25-годзьдзе стварэньня гэтай групы.
Расея пераймае старшынёўства ў Арктычнай радзе на наступныя два гады.