Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёндан і Лісабон аслабляюць карантынныя абмежаваньні. Што яшчэ дзеецца ў сьвеце вакол пандэміі


Пахавальныя вогнішчы ў Індыі.
Пахавальныя вогнішчы ў Індыі.

Сьвет змагаецца з пандэміяй COVID-19 з дапамогай абмежаваньняў і вакцынацыі. Але ў некаторых краінах абмежаваньні аслабляюць.

Агляд падрыхтавала DW.

У Індыі намеціўся спад

Сутачны прырост інфікаваных каранавірусам ў Індыі склаў 281,3 тыс. Упершыню амаль за месяц гэты паказьнік апусьціўся ніжэй за адзнаку ў 300 тыс., паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя краіны.

Індыя застаецца на другім месцы ў сьвеце — пасьля ЗША — па колькасьці выяўленых выпадкаў заражэньня. Агульная колькасьць тых, хто захварэў COVID-19, перавысіла 24,9 млн, выздаравелі больш 21,1 млн, ад наступстваў заражэньня памерлі больш 274 тыс.

У Нямеччыне змагаюцца з падробкай папераў аб вакцынацыі

Міністар юстыцыі фэдэральнай зямлі Паўночны Рэйн — Вэстфалія Петэр Бізенбах заклікаў жорстка караць за падробку пасьведчаньняў аб вакцынацыі.

«Існуючая сытуацыя, калі за падробку мэдычных даведак прадугледжана больш мяккае пакараньне, чым за звычайную фальсыфікацыю дакумэнтаў, не адпавядае актыўным крымінальным намаганьням, якія стаяць за гэтым працэсам», — заявіў палітык газэце Kölner Stadt-Anzeiger.

Паводле Бізенбаха, на сустрэчы зямельных міністраў юстыцыі ў чэрвені ён хоча прапанаваць фэдэральнаму ўраду распрацаваць адпаведны законапраект з папраўкамі.

UNICEF заклікала багатыя краіны падзяліцца вакцынамі

Выканаўчы дырэктар UNICEF Генрыэта Фор заклікала краіны — члены G7 ахвяраваць лішнія дозы вакцыны ад каранавірусу на карысьць праграмы ААН Covax.

Паводле ацэнкі дзіцячага фонду ААН UNICEF, які адказвае за рэалізацыю праграмы Covax, з прычыны часовага спыненьня Індыяй экспарту вакцыны недахоп аб’ёмаў, неабходных праграме, складзе да канца траўня каля 140 млн доз, а да канца чэрвеня — 190 млн доз.

Індыя ня выканала дамовы аб пастаўках вакцыны, паколькі выкарыстала вырабленыя ў краіне прэпараты для імунізацыі ўласнага насельніцтва.

Турэччына здымае некаторыя абмежаваньні

Турэччына пасьля пэрыяду жорсткага локдаўну, які доўжыўся амаль тры тыдні, здымае шэраг абмежаванняў. Жыхарам зноў дазволена пакідаць свае дамы ў дзённы час. Аднак з 21.00 дзейнічае камэнданцкая гадзіна. Кавярні і рэстараны застаюцца зачыненымі для наведваньня, але могуць прадаваць ежу на вынас. Гандлёвыя цэнтры і крамы адзеньня аднаўляюць сваю працу. Пытаньне аб адкрыцьці школ пакуль ня вырашана. Новыя правілы маюць дзейнічаць да 1 чэрвеня.

У Эстоніі чарга на вакцынацыю дайшла да 16-гадовых

У Эстоніі 17 траўня пачынаецца масавая вакцынацыя насельніцтва ва ўзросьце ад 16 гадоў. Пры гэтым у краіне, у адрозьненьне ад Нямеччыны і некаторых іншых дзяржаў, няма прыярытэтаў па ўзросьце і прафэсіі: зрабіць прышчэпку можа любы жадаючы.

Вакцыны BioNTech / Pfizer, Moderna і Johnson & Johnson будуць выкарыстоўвацца для прышчэпак пацыентам маладзейшым за 50 гадоў. Астатнія жыхары Эстоніі змогуць зрабіць прышчэпку прэпаратам AstraZeneca.

У Францыі колькасьць выпадкаў зьмяншаецца

У Францыі ўлады фіксуюць паніжэньне сутачнага прыросту заражэньняў каранавірусам (паводле дадзеных на вечар 16 траўня — 13 948 выпадкаў), а таксама колькасьці сьмяротных зыходаў у пацыентаў з COVID-19 (81) у параўнаньні з папярэднім днём.

З пачатку пандэміі ў Францыі заразіліся 5 877 787 чалавек, 107 616 жыхароў краіны памерлі за гэты час з пацьверджаным дыягназам COVID-19. У палатах інтэнсіўнай тэрапіі на дадзены момант знаходзяцца 4255 чалавек.

Вялікабрытанія і Партугалія аслабляюць карантынныя абмежаваньні

Жыхарам Злучанага Каралеўства зноў дазволена сустракацца ў закрытых памяшканьнях групамі да шасьці чалавек. Рэстараны і пабы могуць абслугоўваць наведвальнікаў у памяшканьні, музэі, кінатэатры і спартовыя залі аднаўляюць працу.

У сваю чаргу Партугалія аслабляе карантынныя абмежаваньні для падарожнікаў, якія прыбываюць у краіну з большасьці іншых дзяржаў Эўразьвязу. Канкрэтна гэта закране тыя краіны ЭЗ, дзе колькасьць новых заражэньняў за апошнія два тыдні не перавысіла 500 выпадкаў на 100 000 жыхароў. Госьці з гэтых краін, пры ўмове наяўнасьці адмоўнага тэсту, могуць цяпер ўяжджаць у Партугалію і бяз «пільнай патрэбы».

  • Паводле зьвестак парталу Worldometer, з пачатку распаўсюджваньня каранавірусу SARS-CoV-2 інфэкцыя была выяўлена больш чым у 163 млн жыхароў плянэты. Больш за 3,3 млн захварэлых памерлі, больш за 142 млн чалавек вылечыліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG