Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цьмяныя абрысы новай Канстытуцыі


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

З фрагмэнтарнай інфармацыі ад кіраўніка Канстытуцыйнай камісіі Пятра Міклашэвіча і чальца камісіі Валера Міцкевіча праглядаюцца асобныя контуры праекту новай Канстытуцыі.

Сьцісла:

  • Прэзыдэнт пазбаўляецца права быць заканадаўчым інстытутам. Гэта вельмі важнае ўразаньне паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы.
  • Усебеларускаму народнаму сходу плянуецца надаць канстытуцыйны статус, зрабіць яго пастаянна дзейным органам.
  • Паўнамоцтвы УНС фармулююцца вельмі неканкрэтна, ён можа толькі зьвяртацца да прэзыдэнта ці парлямэнту з прапановамі.
  • Цяжка ўявіць, што Лукашэнка плянуе ўзначаліць структуру з такім няпэўным статусам.


Дасюль уся інфармацыя аб працы над Канстытуцыяй была пустая. Адна вада, нічога канкрэтнага. І вось сёньня нарэшце зьявілася нешта зьмястоўнае. Мусіць, па выніках нарады ў Лукашэнкі па гэтай тэме, якая адбылася 13 траўня. Я б зьвярнуў увагу на два моманты.

«У мэтах больш поўнай рэалізацыі парлямэнтам заканадаўчай функцыі прапануецца выключыць з Канстытуцыі палажэньні, якія прадугледжваюць дэлегаваньне Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі прэзыдэнту заканадаўчых паўнамоцтваў на выданьне дэкрэтаў, якія маюць сілу закону, а таксама выданьне прэзыдэнтам з сваёй ініцыятывы або на прапанову ўраду ў сілу асаблівай неабходнасьці часовых дэкрэтаў, якія маюць сілу закону», — цытуе Міклашэвіча Інтэрфакс.

Гэта даволі важная навацыя. Бо цяпер паводле Канстытуцыі ў Беларусі дзейнічаюць два заканадаўчыя органы: парлямэнт і прэзыдэнт. Прычым другі орган — галоўны, найбольш дзейсны. У той час як парлямэнт са сваёй ініцыятывы прымае мізэрную колькасьць законаў.

Дык вось цяпер, паводле згаданай прапановы, прэзыдэнт пазбаўляецца права быць заканадаўчым інстытутам. Гэта вельмі важнае ўразаньне паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы. І парлямэнт нарэшце стане адзіным заканадаўчым органам, інакш кажучы, сапраўднай уладай.

Такім чынам, абяцаньні Лукашэнкі скараціць паўнамоцтвы прэзыдэнта рэалізуюцца.

Цікавая сытуацыя вымалёўваецца з Усебеларускім народным сходам (УНС). Як і казаў Лукашэнка, яму плянуецца надаць канстытуцыйны статус, зрабіць яго пастаянна дзейным органам, з прэзыдыюмам, сакратарыятам і г. д. Пры гэтым дэлегаты будуць выбірацца на 5 гадоў.

Аднак у пытаньнях паўнамоцтваў гэтай інстытуцыі адбываецца дзіўны разварот. Выступаючы на УНС у лютым, Лукашэнка казаў, што гэты орган павінен вырашаць асноўныя, стратэгічныя пытаньні грамадзтва, быць нейкім стабілізатарам, страховачным мэханізмам на пераходны пэрыяд. З гэтага можна было зрабіць выснову, што УНС становіцца ці то паралельным вярхоўным органам кіраваньня, ці то надбудовай над усімі іншымі галінамі ўлады.

А вось цяпер сябра камісіі Валер Міцкевіч акрэсьлівае паўнамоцтвы УНС так: «Акрамя падвядзеньня вынікаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, абмеркаваньня праграмы на чарговыя 5 гадоў, магчыма аднесьці да яго паўнамоцтваў вызначэньне асноўных кірункаў унутранай і замежнай палітыкі краіны, прыняцьце рашэньняў у канцэптуальных пытаньнях разьвіцьця дзяржавы і грамадзтва».

Тут усё вельмі неканкрэтна. І пакідае свабоду рук для інтэрпрэтацый і спрэчак, калі ўзьнікнуць рознагалосьсі паміж галінамі ўлады.

Таксама прапануецца замацаваць за УНС яшчэ такія паўнамоцтвы: «Варта абмеркаваць наданьне сходу права звароту да прэзыдэнта з прапановай аб прызначэньні рэфэрэндумаў, адстаўцы ўраду, ці да парлямэнту з прапановай выказаць вотум недаверу ўраду, і г.д.».

То бок сам УНС не паўнамоцны прыняць пералічаныя рашэньні, а можа толькі зьвяртацца да прэзыдэнта ці парлямэнту з прапановамі. Ну, а апошнія могуць задаволіць гэтую чалабітную, а могуць і не задаволіць. Па прававым статусе такі зварот мала адрозьніваецца ад прапановы звычайнага грамадзяніна. З гэтага вынікае, што УНС — гэта ня столькі важны орган улады, колькі нейкая кансультатыўная інстытуцыя. Кажучы па-іншаму, якаясьці дэкарацыя, бутафорыя. І Лукашэнка плянуе ўзначаліць структуру з такім няпэўным статусам? А менавіта гэта прагназавала большасьць незалежных экспэртаў. Пакуль неяк ня складваецца.

Увогуле, з такіх рэплік цяжка ўбачыць поўную карціну. Таму гэта толькі вельмі папярэднія ацэнкі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG