Так ён пракамэнтаваў публікацыю Bloomberg, у якой расказваецца пра стаўленьне ЭЗ да апошніх падзеяў на ўсходзе Ўкраіны.
Расейскія ўлады неаднаразова казалі, што далучэньне Данбасу або вайна з Украінай у пляны не ўваходзіць. Але ў красавіку, падчас чарговага нарастаньня напружанасьці на расейска-ўкраінскай мяжы, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Дзьмітры Козак заявіў, што Расея можа перадумаць: «Усё залежыць ад таго, якога маштабу дасягне пажар. Калі там будзе, як кажа наш прэзыдэнт, зладжаная Срэбраніца, мабыць, вымушаныя будзем стаць на абарону».
У публікацыі Bloomberg гаварылася, што ў Эўразьвязе падрыхтавалі дакумэнт, які мае быць прадстаўлены на саміце ЭЗ у канцы траўня. У ім адзначаецца, што арганізацыя выбараў у самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама выдача расейскіх пашпартоў мясцовым жыхарам «накіраваныя на фактычную інтэграцыю непадкантрольных ураду тэрыторый Украіны ў склад Расеі».
Як адзначае агенцтва, спасылаючыся на ўнутраную запіску ЭЗ, сталыя прадстаўнікі краін блёку ў камітэце палітыкі і бясьпекі разышліся ў думках адносна пытаньня ўступленьня Ўкраіны ў NATO. Частка зь іх падтрымала ініцыятыву, іншая адзначыла, што Кіеў аддае недастаткова ўвагі рэалізацыі неабходных рэформаў, у прыватнасьці тых, якія тычацца барацьбы з карупцыяй. Акрамя гэтага, на думку яшчэ адной групы чыноўнікаў, патэнцыйнае супрацоўніцтва з Украінай у галіне праграм бясьпекі патрабуе больш стараннага абмеркаваньня.
- Гэтай вясной украінскія ўлады зноў паднялі пытаньне аб уступленьні краіны ў NATO. У Кіеве заявілі, што Расея сьцягвае войскі да ўкраінскіх межаў. Паводле ацэнкі Службы бясьпекі Ўкраіны, у іх засяроджана каля 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Кіеў паведамляў пра сьцягваньне войскаў на фоне абвастрэньня сытуацыі на лініі разьмежаваньня ў Данбасе, дзе пачасьціліся выпадкі парушэньня замірэньня.
- Кажучы пра «паглынаньне» тэрыторый, Пяскоў сказаў, што Расея «ніколі гэтым не займалася». Пры гэтым у 2014 годзе Расея анэксавала Крым.