Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: Эўразьвяз лічыць, што Расея імкнецца далучыць да сябе «ДНР» і «ЛНР»


Эўразьвяз лічыць, што Расея спрабуе «паступова паглынуць» часткі Ўсходняй Украіны.

Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на дакумэнт, які Брусэль на гэтым тыдні прадставіў дзяржавам – сябрам ЭЗ.

У дакумэнце гаворыцца, што такія дзеяньні, як арганізацыя выбараў на Данбасе і выдача жыхарам так званых «Данецкай народнай рэспублікі» і «Луганскай народнай рэспублікі» расейскіх пашпартоў, накіраваныя на «фактычную інтэграцыю непадкантрольных ураду Ўкраіны тэрыторый у Расею».

Акрамя таго, у дакумэнце названыя меры, якія ЭЗ можа зрабіць, каб «павысіць устойлівасьць Украіны да расейскай агрэсіі». Сярод іх — дапамога Украіне з вакцынацыяй ад каранавірусу, каб «пазьбегнуць далейшага аслабленьня краіны з прычыны доўгага мэдычна-санітарнага і сацыяльна-эканамічнага крызісу», а таксама ўзмацненьне захадаў у адмове ад прызнаньня расейскіх пашпартоў, выдадзеных жыхарам Крыму і Данбасу.

У 2019 годзе, паводле ацэнкі расейскіх уладаў, расейскія пашпарты аформілі больш за 300 тысяч чалавек, якія жылі на тэрыторыі, падкантрольнай сэпаратыстам на Ўсходзе Ўкраіны. Усяго там у 2018 годзе, паводле дадзеных мясцовых уладаў, жыло амаль 3,8 мільёна чалавек (у «ДНР» — 2,3 мільёна чалавек, у «ЛНР» — 1,4 мільёна). У красавіку 2020 году Ўладзімір Пуцін вызваліў жыхароў Данбасу на непадкантрольных Украіне тэрыторыях ад выплаты збору за расейскі пашпарт.

  • Узброены канфлікт на Ўсходзе Ўкраіны пачаўся ў 2014 годзе, тады пад кантролем прарасейскіх сэпаратыстаў апынуліся часткі Данецкай і Луганскай абласьцей з абодвума абласнымі цэнтрамі.
  • У лютым 2019 году Пятро Парашэнка, які тады быў прэзыдэнтам Украіны, казаў, што з моманту пачатку канфлікту на Данбасе Расія «акупавала 44 тысячы квадратных кілямэтраў, або 7% тэрыторыі Ўкраіны».
  • Украіна працягвае лічыць гэтых людзей сваімі грамадзянамі, бо пераважная іх большасьць захавалі ўкраінскія пашпарты і працягваюць атрымліваць ўкраінскія пэнсіі і дапамогі.
  • Украіна лічыць раздачу расейскіх пашпартоў сваім грамадзянам незаконнай і патрабуе не прызнаваць такія дакумэнты.
  • Так званыя «ДНР» і «ЛНР» не прызнаныя ніводнай краінай Захаду, але прызнаныя такой жа прарасейскай сэпаратысцкай Паўднёвай Асэтыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG