Як піша «Голас Амэрыкі», спэцыялісты ў галіне пандэміі новай каранавіруснай інфэкцыі лічаць, што апублікаваныя дадзеныя, верагодна, заніжаныя.
Прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі адмовіўся ўводзіць агульнанацыянальны лакдаўн нягледзячы на заклікі палітыкаў і прадстаўнікоў мэдычнай супольнасьці. Гэта не перашкодзіла кіраўнікам мясцовых адміністрацый ўвесьці лакдаўны на сваіх тэрыторыях.
Гарадзкія ўлады Дэлі абвясьцілі, што лакдаўн, распачаты 20 красавіка, будзе падоўжаны да 17 траўня. Ад панядзелка ў сталіцы Індыі будзе прыпыненая праца мэтрапалітэну.
Рэсурсны цэнтар каранавірусу Ўнівэрсытэту Джонза Гопкінза паведаміў, што паводле стану на нядзелю ўсяго ў сьвеце зарэгістравана 157,7 мільёна выпадкаў інфікаваньня. Каля 3,3 мільёна чалавек памерлі.
У Індыі, паводле дадзеных таго самага рэсурснага цэнтру, налічваецца больш за 22 мільёны паьцверджаных выпадкаў і 242 тысячы сьмяротных зыходаў.
Індыя займае другое месца пасьля ЗША паводле колькасьці інфікаваных. У ЗША зарэгістравана больш за 32,6 мільёна выпадкаў захворваньня і 581 тысяча сьмяротных зыходаў, паведаміў рэсурсны цэнтар.
Папа Рымскі Францішак, паводле інфармацыі СМІ, падтрымаў часовае прыпыненьне патэнтаў на вакцыны. Ён адзначыў, што рынкавыя сілы не павінны быць дамінуючым фактарам у дачыненьні да вакцын.