У сытуацыі з каранавірусам у ЗША наступае пералом, і органы здароўя засяродзіліся на тым, каб вакцынаваць больш амэрыканцаў, заявіў у нядзелю каардынатар Белага дому ў барацьбе з COVID-19 Джэф Заенц.
«Я магу сказаць, што сытуацыя пачала выпраўляцца», — сказаў ён у інтэрвію праграме «Становішча ў краіне» на канале CNN.
Цяпер задача палягае ва ўмацаваньні даверу да вакцын і вакцынацыі дастатковай колькасьці амэрыканцаў, каб запаволіць пашырэньне віруса і яго варыянтаў.
Прадстаўнікі органаў здароўя ўсяляк спрабуюць пераканаць людзей вакцынавацца і забясьпечыць доступ да вакцын як мага хутчэй, каб дасягнуць пастаўленай прэзыдэнтам Джо Байдэнам мэты — дамагчыся, каб 70 працэнтаў амэрыканцаў атрымалі прынамсі адну дозу вакцыны да Дня незалежнасьці 4 ліпеня.
Галоўны дараднік Белага дому ў пытаньнях каранавірусу Энтані Фаўчы заявіў, што новы істотны ўсплёск інфэкцыі малаверагодны, калі мэта Байдэна будзе дасягнутая або перавыкананая.
«Чым больш будзе доля вакцынаванага насельніцтва, тым менш верагоднасьць, што ў чарговы сэзон, напрыклад, наступнай восеньню або зіммою, будзе значны ўсплёск захворваньня», — сказаў Фаўчы, дырэктар Нацыянальнага інстытуту алергіі і інфэкцыйных захворваньняў, выступаючы ў праграме «Сустрэча з прэсай» на канале NBC.
«Вось чаму прышчэпкі так важныя. Гэта той козыр, якога ў нас не было мінулай восеньню і зімой, але які ёсьць цяпер», — дадаў ён.