Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Ізраілю зноў ня змог стварыць урадавай кааліцыі


Прэм’ер-міністар Ізраілю зноў ня змог стварыць урадавай кааліцыі. У ноч на сераду ў лідэра партыі «Лікуд» Біньяміна Нэтаньягу скончыўся тэрмін мандату на фармаваньне ўраду. Прэм’ер паінфармаваў аб гэтым прэзыдэнта краіны Рэўвэна Рыўліна і вярнуў яму мандат на фармаваньне Кабінэту міністраў.

Прэзыдэнт можа вярнуць мандат Кнэсэту — парлямэнту Ізраілю. У гэтым выпадку Кнэсэт будзе распушчаны і ў краіне павінны будуць прайсьці новыя парлямэнцкія выбары, пятыя за два гады. Рыўлін таксама можа перадаць мандат новаму кандыдату на фармаваньне ўраду. На гэта адводзіцца 28 дзён.

Адным з кандыдатаў можа стаць Яір Лапід, кіраўнік партыі «Еш Атыд» («Ёсьць будучыня»). Раней Лапід быў паплечнікам Бэні Ганца, лідэра левацэнтрысцкага блёку «Кахоль лаван» («Сіне-белы»). Нэтаньягу можа рэкамэндаваць прэзыдэнту перадаць мандат праваму палітыку і былому аднапартыйцу Нафталі Бэнэту. Перад апошнімі выбарамі ён арганізаваў сваю партыю «Га-Яміна га-Хадаш» ( «Новыя правыя»).

Палітычны крызіс у Ізраілі доўжыцца два гады. За гэты час у краіне чатыры разы праходзілі парлямэнцкія выбары. Пасьля выбараў у красавіку і верасьні 2019 году кааліцыю сфармаваць не ўдалося.

Пасьля выбараў у сакавіку 2020 году была створаная кааліцыя на чале зь Біньямінам Нэтаньягу. Распалася яна ў сьнежні. Тады партнэры па кааліцыі Нэтаньягу і Ганц не змаглі дамовіцца аб дзяржаўным бюджэце на 2021 год. Нэтаньягу адмовіўся зацьвярджаць бюджэт з прычыны пандэміі каранавірусу.

Згодна з дамоўленасьцямі, Ганц меўся заняць пасаду прэм’ера восеньню 2021 году. Крытыкі Нэтаньягу сьцьвярджаюць, што прэм’ер ня стаў зацьвярджаць бюджэт, бо хацеў перашкодзіць свайму суперніку ўзначаліць урад.

Апошнія выбары ў Кнэсэт прайшлі ў сакавіку 2021 г. пры рэкордна нізкай яўцы выбарнікаў.

У дачыненьні да Нэтаньягу ў Ізраілі вядзецца судовы разбор у справе абвінавачаньняў у карупцыі. Прэм’ер усе абвінавачаньні ў свой адрас адхіляе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG