Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уезд у Эўразьвяз могуць дазволіць тым, хто прышчапіўся ўхваленымі вакцынамі


Пункт вакцынацыі
Пункт вакцынацыі

Эўракамісія (ЭК) прапанавала дазволіць уезд на тэрыторыю Эўразьвязу замежнікам, якія як мінімум за два тыдні да паездкі завяршылі вакцынацыю ад COVID-19 адным з ухваленых у ЭЗ прэпаратаў.

Пра гэта сказана ў заяве на сайце ЭК. Дазвол таксама прапануецца пашырыць на вакцыны, якія Сусьветная арганізацыя здароўя ўхваліла для ўжываньня ў экстраных сытуацыях.

На гэты момант у Эўразьвязе зарэгістраваныя вакцыны ад кампаній AstraZeneca, Pfizer / BioNTech, Moderna і Johnson & Johnson. Расейскі прэпарат «Спутник V» ад сакавіка чакае зацьвярджэньня Эўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў. Расейскай вакцыны няма пакуль і ў сьпісе вакцын, рэкамэндаваных САЗ.

Пры гэтым дзьве краіны ЭЗ — Вугоршчына і Славаччына — закупілі расейскую вакцыну самастойна (яны маюць такое права, бо «Спутник V» ня ўключаны ў сыстэму цэнтралізаваных закупак ЭЗ), прычым у Вугоршчыне яе выкарыстоўваюць пры вакцынацыі, а ў Славаччыне — пакуль не. Купля расейскай вакцыны, ня ўхваленай ЭЗ, выклікала ў Славаччыне ўрадавы крызіс, які прывёў да адстаўкі прэм’ер-міністра.

Вугоршчына таксама застаецца адзінай краінай Эўразьвязу, якая ўжывае кітайскія вакцыны супраць COVID-19, перш за ўсё Sinopharm.

  • У Беларусі адзінай ухваленай вакцынай ад каранавірусу надалей застаецца расейскі «Спутник V». Нават у выпадку, калі расейскую вакцыну бліжэйшым часам ня ўхваляць у ЭЗ, у беларускіх турыстаў тэарэтычна магла б зьявіцца іншая магчымасьць для ўезду ў Эўразьвяз.
  • Эўракамісія прапанавала пашырыць пералік краін, жыхарам якіх будзе дазволены ўезд, уключыўшы ў сьпіс бясьпечных з пункту гледжаньня пашырэньня каранавірусу тыя краіны, дзе за апошнія 14 дзён адзначалася менш за 100 выпадкаў інфэкцыі на 100 тысяч жыхароў.
  • Аднак, паводле афіцыйнай статыстыкі, гэты паказьнік у Беларусі цяпер складае амаль 180 (за апошнія 2 тыдні было зафіксавана амаль 17 тысяч выпадкаў заражэньня пры насельніцтве 9 467 000 чалавек).

Рашэньне аб тым, ці адкрываць межы для турыстаў з такіх краін, будуць прымаць не асобныя краіны-сябры ЭЗ, а Рада Эўразьвязу. Падкрэсьліваецца, што ўмовай уезду ў любым выпадку будзе нэгатыўны тэст на каранавірус або неабходнасьць карантыну.

На пачатку сакавіка, як пісала Financial Times, Эўракамісія накіравала ў дыпляматычныя ведамствы краін ЭЗ асноўныя прынцыпы стварэньня так званых ковід-пашпартоў для зьняцьця абмежаваньняў да турыстычнага сэзону. Раней аб увядзеньні электронных сэртыфікатаў вакцынацыі ад каранавірусу дамовіліся лідэры краін Эўразьвязу. Аднак некаторыя краіны ЭЗ тады заявілі, што ўвядзеньне дакумэнта дыскрымінуе тых, у каго няма магчымасьці зрабіць прышчэпку з прычыны недахопу вакцын ад COVID-19.

Апошнім часам тэмпы вакцынацыі ў Эўропе паскорыліся: на канец красавіка кожны чацьвёрты жыхар ЭЗ атрымаў першую дозу вакцыны супраць каранавіруснай інфэкцыі, а дзьве дозы — кожны дзясяты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG