19 сакавіка 2019 году Назарбаеў пакінуў пасаду прэзыдэнта Казахстану, прабыўшы ва ўладзе амаль 30 гадоў. Але экс-прэзыдэнт, або «Бацька нацыі», як яго называюць паплечнікі, ня страціў палітычнага ўплыву і па-ранейшаму застаецца галоўнай фігурай у краіне.
Сышоўшы з пасады прэзыдэнта, Назарбаеў ачоліў Раду бясьпекі краіны — орган, які перад гэтым надзяліў, па сутнасьці, бязьмежнымі паўнамоцтвамі. У прыватнасьці, ён атрымаў права падбору кадраў на ключавыя пазыцыі ў Казахстане: прызначаць кіраўніка Камітэту нацыянальнай бясьпекі, кіраўніка Службы зьнешняй выведкі або генэральнага пракурора прэзыдэнт ня можа без узгадненьня з Назарбаевым.
Назарбаеў таксама застаўся старшынём Асамблеі народу Казахстану, кансультатыўна-дарадчага органа пры прэзыдэнце Казахстану. Асамблея была створана ў 1995 годзе. Яе статутная задача — спрыяць распрацоўцы i рэалiзацыi дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі. Згодна з законам «Аб Асамблеі народу Казахстану», першаму прэзыдэнту Казахстану, «Бацьку нацыі», належыць права пажыцьцёва ўзначальваць гэтую асамблею.