Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аддаў прэзыдэнцтва, але застаўся «елбасы». Як Назарбаеў працягвае кантраляваць Казахстан


Скульптура Нурсултана Назарбаева ў Нацыянальным музэт з Астане
Скульптура Нурсултана Назарбаева ў Нацыянальным музэт з Астане

Роўна два гады таму прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў пайшоў у адстаўку з пасады прэзыдэнта, але застаўся «Елбасы» («Айцом нацыі») і галоўнай фігурай у краіне і ніколькі ня страціў палітычнага ўплыву. Як яму гэта ўдалося і як Назарбаеў кантралюе краіну?

«Настоящее время» паразмаўляла пра гэта з палітолягам, дырэктарам «Групы ацэнкі рызыкаў» Дасымам Сатпаевым.

— Назарбаеў ужо роўна два гады не прэзыдэнт. Ён па-ранейшаму самая вялікая палітычная фігура ў краіне ці ўсё ж не?

— Так, насамрэч два гады таму, калі зьявілася гэтая навіна, я адразу ў сацыяльных сетках напісаў фразу: «Ён пайшоў, каб застацца». Таму што першапачаткова было ясна, што ні пра якое двоеўладзьдзе ў цяперашняй сытуацыі гаворкі быць ня можа, таму што для мяне панятак «двоеўладзьдзе» мае два раўнацэнныя цэнтры ўлады. Але Назарбаеў — чалавек, які ўладу хоча трымаць у сваіх руках, няхай нават ня маючы статусу прэзыдэнта. Таму калі вы паглядзіце на яго цяперашнія службовыя пазыцыі, то ён, па сутнасьці, кантралюе ўсе ключавыя сэгмэнты, дарэчы, ня толькі казахстанскай унутранай, але і нават зьнешняй палітыкі.

Мы бачым цяпер яго сур’ёзную зьнешнепалітычную актыўнасьць. Ёсьць у ягонай дзейнасьці і эканамічны сэгмэнт: ён зьяўляецца адным з куратараў Фонду «Самрук-Казына» (АТ «Фонд нацыянальнага дабрабыту» Самрук-Қазына«). Гэта значыць, мы бачым, што на гэты момант гаворка ў Казахстане ідзе не пра двоеўладзьдзе, а пра «паўтранзыт» улады, як бы я гэта назваў. А сапраўдны транзыт у Казахстане пачнецца толькі тады, калі першы прэзыдэнт канчаткова сыдзе з палітычнай сцэны.

Можа быць, тады, магчыма, цяперашні прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў апынецца ў той самай сытуацыі, у якой мы цяпер бачым Шаўката Мірзіёева ва Ўзбэкістане: ён стаў прэзыдэнтам Узбэкістану, ня маючы ўжо над сабой нейкага кантралёра ў выглядзе Іслама Карымава. Але, па сутнасьці, я думаю, што ў Казахстане транзыт пачнецца менавіта тады, калі першы прэзыдэнт ужо ня будзе такім надсыстэмным кантралёрам, які расстаўляе вялікую колькасьць чырвоных сьцяжкоў вакол дзейнага прэзыдэнта Такаева.

— А што ў Казахстане зьмянілася за гэтыя два гады? У якім палітычным рэчышчы рухаецца краіна?

— Давайце зыходзіць з таго, што фармальна Такаеў прапанаваў новую канцэпцыю «дзяржавы, якая чуе», але дзяржава насамрэч чуе людзей толькі кропкава, і толькі пэўныя асобныя праблемы. На гэтыя праблемы яна зьвяртае ўвагу.

Цяпер Такаеў, як я гэта называю, зьяўляецца закладнікам дзьвюх легітымнасьцяў. З аднаго боку, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2019 году ў яго была вельмі нізкая легітымнасьць у вачах вялікай колькасьці казахстанцаў і яму неабходна было падняць свой аўтарытэт, сваю папулярнасьць. Таму ён зрабіў вельмі шмат заяваў датычна сацыяльна-эканамічных і палітычных рэформаў. Гэта значыць, у сфэры сацыяльна-эканамічнага рэфармаваньня ён нешта спрабуе зрабіць.

Зь іншага боку, у сфэры палітычнага рэфармаваньня мы цяпер назіраем абсалютны застой, ніякіх зьменаў у гэтай галіне не адбылося, гэта была больш імітацыя бурнай дзейнасьці. Таксама Такаеву трэба было падняць легітымнасьць у вачах эліты, бюракратычнага апарату, таму што яго многія ўспрымалі як стаўленіка Назарбаева, несамастойнага гульца.

Але ўся праблема ў чым? Калі легітымнасьць у вачах грамадзтва можна было ўзьняць за кошт абяцаньняў нейкіх рэформаў, чаго патрабавалі многія казахстанцы, то легітымнасьць у вачах эліты Такаеву даводзіцца падымаць за кошт таго, што ён усіх супакойвае, што ніякіх зьменаў ня будзе, будзе статус-кво. І вось, па сутнасьці, ён цяпер закладнік ідэі двух легітымнасьцяў, у яго становішча на дадзены момант супярэчлівае, і гэта абмяжоўвае яму поле дзейнасьці, магчымасьці нешта мяняць.

Потым усё ж ня будзем забываць, што Такаеў, па сутнасьці, цяпер адзін. У яго ёсьць невялікая каманда, але бюракратычны апарат, які зь ім працуе, быў створаны Назарбаевым. Алігархі дагэтуль назарбаеўскія, рэгіянальныя эліты многія зьвязаныя зь першым прэзыдэнтам. Палітычную партыю «Нур Атан», якая цяпер дамінуе ня толькі ў парлямэнце, але і ва ўсіх структурах дзяржаўнай улады, узначальвае Назарбаеў. То бок цяпер мы бачым, што з усіх бакоў Такаеў абкладзены. Таму разглядаць яго ў якасьці самастойнага гульца на дадзены момант складана.

— Вы ўжо загаварылі пра транзыт улады. Калі Назарбаеў падаў у адстаўку, было шмат размоваў пра транзыт і пра тое, што замест яго прыйдзе яго дачка Дарыга. Але гэтага так і ня здарылася. Як будзе ў бліжэйшым годзе выглядаць палітычны Алімп Казахстану?

— Зноў жа, я думаю, што палітычным Рубіконам, празь які пяройдзе Казахстан, будзе як раз той самы момант, калі Назарбаеў ужо ня будзе нікога кантраляваць. Гэта значыць, тады паўстане вельмі шмат розных, скажам так, варыянтаў разьвіцьця сытуацыі ў Казахстане.

Адзін з варыянтаў — гэта ўзбэцкі варыянт, гэта значыць калі Такаеў, па сутнасьці, пазбавіўшыся гэтага кантралёра, паспрабуе ўзмацніць сваю ўладу. Натуральна, што ў гэтым выпадку частка палітычнай і бізнэс-эліты пяройдзе на яго бок. Гэта будзе тая частка эліты, якая ня хоча, каб хто-небудзь з членаў сямʼі першага прэзыдэнта ўзначаліў краіну.

Ня варта забываць, што цяпер, па сутнасьці, эліта таксама амалоджваецца, зьявілася вельмі шмат маладых міністраў, акімаў, бюракратаў, намэнклятурных дзеячоў — людзей, якія глядзяць у будучыню з пункту гледжаньня нейкіх карʼерных сваіх пэрспэктываў, і яны гэтыя карʼерныя пэрспэктывы зьвязваюць з Такаевым.

Ёсьць другі варыянт, больш жорсткі: калі хтосьці з «старой гвардыі» паспрабуе кінуць выклік Такаеву і прыбраць яго. Гэта будзе сцэнар ня вельмі выгадны для Казахстану, таму што ўнутрыэлітны канфлікт аўтаматычна перакінецца на грамадзтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG