Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактара баранавіцкай газэты Intex-press аштрафавалі за інтэрвію зь Ціханоўскай


Уладзімер Янукевіч
Уладзімер Янукевіч

Уладзімера Янукевіча пакаралі штрафам на 20 базавых велічынь (580 рублёў).

У судзе Баранавіцкага раёну прайшоў суд над Уладзімерам Янукевічам, галоўным рэдактарам незалежнай газэты Intex-press.

На яго склалі адміністрацыйныя пратаколы праз інтэрвію з экс-кандыдаткай у прэзыдэнты Сьвятланай Ціханоўскай, якую ўлады Беларусі абвясьцілі ў вышук.

У чым абвінавацілі рэдактара

Паводле пратаколу, Уладзімер Янукевіч 13 красавіка разьмясьціў інфармацыю, «распаўсюд якой забаронены на інтэрнэт-рэсурсах у адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі».

Маецца на ўвазе інтэрвію (тэкст і відэазапіс) з экс-кандыдаткай у прэзыдэнты Сьвятланай Ціханоўскай. Улады абвінавацілі яе ў крымінальнай справе па ч. 1 арт. 357 КК — «змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

У пратаколе на рэдактара гаворыцца, што ў інтэрвію Сьвятлана Ціханоўская нібыта «дыскрэдытуе і ставіць пад сумнеў легітымнасьць дзейнага прэзыдэнта», указваючы на тое, што выбары былі сфальсыфікаваныя Лукашэнкам, расказвае пра стварэньне Каардынацыйнай Рады, мэнтарскія праграмы, наданьне ўвагі страйкамам, прафсаюзам, а таксама пра мэту правесьці новыя выбары.

У інтэрвію Ціханоўская акцэнтавала ўвагу на незаконнасьці дзеяньняў праваахоўных органаў па затрыманьнях грамадзян, заклікала жыхароў Баранавіч і іншых рэгіёнаў краіны «не здавацца і працягваць змагацца ўсякімі даступнымі спосабамі» зь дзейнай уладай.

Такія словы Ціханоўскай судзьдзя расцаніла як заклікі да «антыканстытуцыйнай зьмены ўлады, распальваньня варожасьці паміж рознымі прадстаўнікамі насельніцтва», «прапаганду экстрэмісцкай дзейнасьці, здольнай нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам». Паводле заключэньня судзьдзі, інтэрвію не адпавядае рэчаіснасьці і падрывае аўтарытэт дзейнай улады.

Што сказаў падсудны

Галоўны рэдактар Іntex-press у судзе патлумачыў, што інтэрвію праводзілася на падставе пажаданьняў чытачоў, якія неаднаразова прасілі расказаць, «чым жыве экс-кандыдат у прэзыдэнты, пра што яна думае і чым займаецца».

Янукевіч сам ініцыяваў інтэрвію, зьвязаўшыся з прэс-сакратаром Сьвятланы Ціханоўскай.

«Прэс-сакратар запрапанавала дату і час. Пазьней мы ў сябе ўжо вызначалі форму інтэрвію. Наша рэдакцыя разьмясьціла ў сацсетках аб’явы з просьбай задаць пытаньні Сьвятлане Ціханоўскай. На пасяджэньні сходу рэдактараў абралі лепшыя зь іх, зыходзячы з прапанаванага нам часу».

Янукевіч расказаў, што зь Ціханоўскай праз ZOOM пагутарыла Людміла Сьцяцко (Зелянкова), «адна з самых дасьведчаных журналістаў». Было зададзена 12–13 пытаньняў.

Уладзімер Янукевіч кажа, што ніякіх парушэньняў тут не заўважыў, у тэксьце былі ацэнкі таго, што адбываецца ў краіне, дадзеныя Сьвятланай Ціханоўскай.

Сьцьвярджэньне пра тое, што словы Ціханоўскай «змагацца ўсімі даступнымі спосабамі» зьвязана са зьменай улады, Янукевіч назваў «нацяжкай».

Большая частка інтэрвію прысьвечана Ціханоўскай як жанчыне, яе страхам, чаканьню мужа, які цяпер у турме, і тым пачуцьцям, якія яна перажывае.

Віны Янукевіч не прызнаў. Рашэньне суду плянуе абскардзіць.

Храналёгія перасьледу «Іntex-press»

Інтэрвію зь Ціханоўскай апублікавалі ў нумары газэты ад 14 красавіка, напярэдадні яго разьмясьцілі таксама на сайце Іntex-press.

15 красавіка баранавіцкая пракуратура вынесла за гэтую публікацыю Ўладзімеру Янукевічу папярэджаньне. У дачыненьні да яго склалі два адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне заканадаўства аб СМІ па ч. 4 і 5 арт. 23.5 КаАП. Адзін — на выдавецкі дом «Інтэкс-прэс», другі — на самога Янукевіча як індывідуальнага прадпрымальніка, якому належыць сайт intex-press.by.

Пазьней Уладзімер Янукевіч даведаўся, што праводзіцца праверка і вырашаецца пытаньне аб узбуджэньні ўжо крымінальнай справы па арт. 361 КК РБ («Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь»).

Саму аўтарку інтэрвію Людмілу Сьцяцко выклікалі ў міліцыю на 23 красавіка ў якасьці сьведкі.

22 красавіка Беларуская асацыяцыя журналістаў паведаміла, што Ўладзімера Янукевіча 4 гадзіны апытвалі ў Баранавіцкім гарадзкім аддзеле ўнутраных спраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG