Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі Беларусі плянуе выдаткаваць $55 тысяч на сайт пра «народнае адзінства»


Разгон акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Менск, 10 жніўня 2020 году
Разгон акцыі пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Менск, 10 жніўня 2020 году

Тэндэр на стварэньне і запаўненьне сайта па адрасе godedinstva.by зьявіўся на сайце дзяржаўных закупак.

2021 год улады абвясьцілі «годам народнага адзінства». Сайт пра гэта плянавалася стварыць яшчэ на пачатку году, аднак на сайце дзяржзакупак заяўка зьявілася толькі 23 красавіка.

Заданьне гучыць так: «Распрацоўка і аказаньне паслуг па тэхнічным і інфармацыйным суправаджэньні сайта з дамэнным імем www.godedinstva.by». Сума закупкі — 143 400 рублёў, гэта каля 55 тысяч даляраў па курсе. Закупка складаецца з трох частак: распрацоўка сайта, яго тэхнічнае суправаджэньне і напаўненьне. Прапановы перастануць прымаць да 8 траўня.

«Год народнага адзінства» падчас масавых рэпрэсій

Сёлета 4 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 1 аб абвяшчэньні 2021-га «Годам народнага адзінства». Удакладнялася, што рашэньне прынятае дзеля «кансалідацыі грамадзтва, зьяднаньня беларускага народу на аснове ідэй сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».

Згодна з указам, Савет міністраў сумесна з аблвыканкамамі і Менгарвыканкамам абавязаны распрацаваць і зацьвердзіць «рэспубліканскі плян мерапрыемстваў дзеля правядзеньня Году народнага адзінства і забясьпечыць каардынацыю дзейнасьці дзяржаўных органаў дзеля яго выкананьня».

Прапанову зрабіць 2021-ы годам народнага адзінства Аляксандар Лукашэнка выказаў у навагоднім тэлезвароце. Ён адзначыў, што, сутыкнуўшыся з выклікамі 2020 году, многія сталі гаварыць пра «жаданьне вярнуцца ў Беларусь, якой яна была на год раней».

«Але вяртацца ў мінулае мы ня будзем. У нас няма часу ісьці назад і праходзіць пройдзенае. Мы абавязкова створым Беларусь будучага, і яна будзе лепшая за цяперашнюю. Для гэтага трэба проста адправіць 2020-ы ў гісторыю. Але не забываць яго ўрокі», — заявіў тады Лукашэнка.

Год народнага адзінства абвешчаны на фоне беспрэцэдэнтных па маштабе рэпрэсій, разьвязаных дзяржавай адносна сваіх апанэнтаў, якія выказалі пратэст супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў над мірнымі дэманстрантамі. За прамінулы час дзясяткі тысяч чалавек былі затрыманыя і асуджаныя, многіх пры гэтым зьбілі, пакалечылі і нават забілі. Больш за 350 зьняволеных прызнаныя палітычнымі вязьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG