Бальніцы, якія ўжо не спраўляюцца з наплывам хворых, у тым ліку ў Дэлі, мусяць адмаўляць пацыентам у шпіталізацыі празь недахоп мэдыцынскага кіслароду і ложкаў. Шэраг краін, уключна зь Вялікабрытаніяй, Нямеччынай і Злучанымі Штатамі, паабяцалі кіраўніцтву Індыі экстраную дапамогу, каб справіцца з крызісам.
У некаторых з найбольш пацярпелых гарадоў, уключаючы сталіцу, целы памерлых спальваюць у часовых месцах, якія прапануюць такія паслугі. Тэлеканал NDTV паказаў кадры, як трое мэдработнікаў у штаце Біхар валакуць цела на крэмацыю па зямлі, бо не хапае насілак.
У Індыі з насельніцтвам у адзін мільярд 300 мільёнаў чалавек за час пандэміі каранавірусам заразіліся 17 мільёнаў 310 тысяч жыхароў, памерлі больш 195 тысяч. За апошнія суткі памерла 2812 чалавекі. Гэта афіцыйныя дадзеныя Міністэрства аховы здароўя краіны. Шэраг мэдыцынскіх экспэртаў не выключаюць, што рэальны паказьнік нашмат вышэйшы, перадае Reuters.