Як зьявіўся чарнобыльскі турызм ва Ўкраіне, ці магчымая інтэграцыя беларускага і ўкраінскага чарнобыльскага турызму і ці выгадны ён для нацыянальных эканомік — Свабодзе расказаў Сяргей Мірны, адзін з ідэолягаў адкрыцьця зоны адчужэньня для наведнікаў, сузаснавальнік кампаніі «Чарнобыль-Тур», якая стала найбуйнейшым ва Ўкраіне апэратарам чарнобыльскага турызму.
Ва Ўкраіне чарнобыльская зона для турыстаў пачала адкрывацца ў 1998 годзе. Спачатку абмежавана, а з 2011 году тэрыторыю адкрылі для ўсіх ахвочых, але ўвялі абавязковы кодэкс паводзінаў турыстаў: ня есьці і не курыць на адкрытым паветры, не дакранацца да збудаваньняў і расьлін, не сядзець і ня класьці асабістыя рэчы на зямлю, не ўжываць ваду з наземных крыніц і нічога не вывозіць за межы зоны.
Беларусь пачала зьмяняць кантрольна-прапускны рэжым у сваю зону адчужэньня толькі з 2012 году, калі Ўкраіна прымала ўжо больш як 50 тысячаў «чарнобыльскіх» турыстаў у год. Больш даступнай беларуская зона стала ў 2019 годзе, што супала з новай хваляй цікаўнасьці, выкліканай выхадам амэрыканскага сэрыялу НВО «Чарнобыль».
Зь ліквідатараў у турыстычны бізнэс
У 1986 годзе Сяргей Мірны камандаваў узводам радыяцыйнай выведкі, які пасьля аварыі праводзіў замеры фону каля Чарнобыльскай АЭС і ў беларускіх вёсках — складаў мапы радыяцыйнага забруджаньня.
«Мы выконвалі заданьне „Аб’ектыўны кантроль“. На падставе нашых матэрыялаў урадавая камісія ўхваляла рашэньні аб адсяленьні. І вось мы прыяжджаем у (беларускую) вёску — там людзі жывуць, нармальнае жытло, жыцьцё, а мы вымяраем і ведаем, што ўвечары перадамо гэтую інфармацыю, назаўтра камісія ўхваліць рашэньне аб адсяленьні, а пасьлязаўтра жыхароў будуць высяляць назаўжды. Псыхалягічна гэта было вельмі цяжка, асабліва калі людзі падыходзілі і пыталіся, што будзе. А мы ведалі, што будзе, і нічым не маглі дапамагчы. Гэта было адно з маіх найцяжэйшых перажываньняў з Чарнобылю, а ня страх радыяцыі, бо я дасьведчаны чалавек быў, ведаў, што гэта непрыемна, а вось з тымі людзьмі размаўляць...», — кажа Сяргей.
Удзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы прымусіў яго задумацца над уплывам радыяцыі на здароўе чалавека, і ён паступіў у Цэнтральнаэўрапейскі ўнівэрсытэт, дзе дасьледаваў стан здароўя ліквідатараў. Сяргей Мірны перакананы, што ў 95 прэцэнтах выпадкаў пагаршэньне здароўя было зьвязанае ня столькі з радыяцыяй, колькі з пагаршэньнем умоваў жыцьця ў выніку працэсу распаду Савецкага Саюзу і пераходным пэрыядам да стварэньня новых незалежных дзяржаваў. Дадатковым фактарам ён лічыць празьмерную мэмарыялізацыю чарнобыльскай катастрофы.
«Помнікі Чарнобылю, ахвярам, увекавечаньне стратаў і трагедыі... Трэба было мяняць ідэалёгію, паказваць ня толькі страты, але і тое, што пераадолелі, перамаглі і працягваем жыць і працаваць. Трэба было зьвярнуць увагу на пазытыў, а потым наступны лягічны крок — усьведамленьне, што найбольшы помнік — гэта сама чарнобыльская зона. Стала зразумела, што бязь зьмены спосабу яе функцыянаваньня і яе сымбалічнага значэньня ніякага пераадоленьня наступстваў катастрофы ня можа быць. Тады я запрапанаваў праект чарнобыльскага нацыянальнага парку. А дзе нацыянальны парк — там, вядома, наведнікі, якія яго вывучаюць, і турызм».
Канкурэнцыя — галоўная рухаючая сіла
З таго часу ва Ўкраіне туры на Чарнобыльскую АЭС і ў зону адчужэньня прапануюць шмат турыстычных кампаній, і ня толькі спэцыялізаваных, як створаная Сяргеем Мірным.
«Тут варта сказаць, што пытаньне крыху неўрэгуляванае, таму мае пэўныя пагрозы. Напрыклад, турапэратар, для якога паездка ў Чарнобыль ажыцьцяўляецца адзін або два разы на год, можа абы-як арганізаваць тур, і гэта можа прывесьці да нейкіх сур’ёзных непрыемнасьцяў, і тады гэта будзе сур’ёзны ўдар па ўсім іміджы чарнобыльскага турызму», — мяркуе Сяргей.
Паводле яго, спэцыялізаваныя чарнобыльскія апэратары ўкладаюць у разьвіцьцё бізнэсу вялікія рэсурсы — у арганізацыю, гарантаваньне бясьпекі, якасьць. «Гэта вельмі складаны від турызму і ў пляне лягістыкі, арганізацыі, вялікага аб’ёму папяровай працы, забесьпячэньня радыяцыйнай і агульнай бясьпекі турыстаў, і нават у этычным пляне — варта разумець вялікае сацыяльнае значэньне турызму, умець яго абгрунтоўваць і дыскутаваць зь ягонымі праціўнікамі».
Цана чарнобыльскіх экскурсіяў ва Ўкраіне адпавядае цэнам у Беларусі, а вось паводле колькасьці і разнастайнасьці маршрутаў Украіна пакуль апярэджвае Беларусь. Турысты могуць наведаць Чарнобыльскую станцыю, паўдзельнічаць у квэст-гульні, прысьвечанай загадкам халоднай вайны, пакатацца на байдарках і усюдыходах, пабачыць зону зь верталёта і прайсьці па месцах сэрыялу «Чарнобыль». У Беларусі маршруты факусуюцца на гісторыі адселеных населеных пунктаў або біяразнастайнасьці.
«Мы выбудоўваем нашы маршруты ня толькі з улікам бачных аб’ектаў, а і вось гэтага нябачнага радыяцыйнага рэльефу, які ў асноўных рысах якасна захаваўся, а колькасна зьменшыўся ў тысячы разоў. Гэта калясальнае дасягненьне, у параўнаньні з тым, што я вымерваў асабіста ў рудым лесе ў 1986 годзе. Апроч таго, мы распрацоўваем свае туры як мастацкія творы, каб больш поўна рэалізаваць патэнцыял зоны, ня толькі адукацыйны, а і эмацыйны. І трэці складнік нашай працы — сэрвіс, які мы спрабуем зрабіць на ўзроўні эўрапейскага», — тлумачыць Сяргей Мірны.
Ён кажа, што чарнобыльскі турызм — не зусім звычайны. «На экскурсіях мы расказваем пра ўплыў радыяцыі на арганізм чалавека, выдаем дазімэтар на групу, апроч таго, турысты могуць узяць за невялікую плату ў арэнду індывідуальны дазімэтр. Езьдзіць у чарнобыльскую зону без дазімэтра, гэта ўсё роўна, як езьдзіць у звычайныя туры з завязанымі вачамі. Чаму? Бо гэта дазваляе пабачыць недасягальны вачам і іншым органам пачуцьцяў радыяцыйны рэльеф, зразумець заканамернасьці, як ён разьмяркоўваецца, і пазбавіцца шматлікіх мітаў».
Інвэстыцыйны патэнцыял
Рэкордным паводле колькасьці турыстаў для ўкраінскай чарнобыльскай зоны стаў 2019 год, калі яе наведалі 125 тысяч грамадзян. Летась з прычыны пандэміі колькасьць ахвочых наведаць некалі закрытую тэрыторыю скарацілася да 34 тысяч. І калі раней сярод турыстаў было больш замежнікаў, то цяпер больш за палову — украінцы.
«Да эпідэміі ў чарнобыльскім турызме было прыблізна 80 працэнтаў замежнікаў, а ўкраінцаў усяго 20 працэнтаў», — кажа Сяргей Мірны.
Прычым, паводле яго, большасьць замежных наведнікаў ехалі ва Ўкраіну з галоўнай мэтай наведаць менавіта Чарнобыль.
«Чарнобыль ператварыўся ў вялікі нацыянальны магніт. Нават можна сказаць, што найбольшы магніт. Мы праводзілі апытаньне сярод сваіх замежных турыстаў таксама пра колькасьць дзён, якія яны плянуюць правесьці ва Ўкраіне, і колькі сродкаў выдаткаваць на сваё знаходжаньне. Калі мы абагульнялі інфармацыю, мы ахнулі (гэта было ў 2012-2013 гадах) — толькі нашы турысты прывозілі ва Ўкраіну адзін мільён даляраў, такім чынам інвэстуючы ва ўкраінскую эканоміку. Без усялякай карупцыі, проста трацячы грошы на турыстычныя паслугі — пражываньне, харчаваньне, сувэніры. Цяпер чарнобыльскі турызм прыводзіць ва Ўкраіну недзе да 50 мільёнаў даляраў штогод».
Сяргей Мірны кажа, што турыстычная грамадзкасьць актыўна супрацоўнічае зь дзяржавай, бо абодва бакі зацікаўленыя ў разьвіцьці неабходнай інфраструктуры.
«Насамрэч усе гэтыя гады там былі гатэлі, часткова яшчэ савецкія, потым адкрылі часовыя, вызваліліся інтэрнаты, у якіх жылі будаўнікі канфайнмэнту. Іх адрамантавалі і зрабілі хостэл. Няма гаворкі аб аднаўленьні будаўнічай дзейнасьці ў зоне. Так, мы ўзьнімаем пытаньне аб стварэньні інфраструктуры — трэба ставіць прыбіральні, ствараць установы харчаваньня. Але пры гэтым усё трэба рабіць так, каб не парушыць аўтэнтычнасьць і прыродны стан, каб не ператварыць у нейкія „нью-васюкі“. У тым самым Чарнобылі ёсьць шмат будынкаў, у якіх ніхто не жыве. Іх трэба паднавіць і даглядаць. І гэтага на 10 гадоў дакладна будзе дастаткова. Але гэта трэба рабіць», — кажа Сяргей Мірны.
Беларусі і Ўкраіне варта інтэгравацца
У 2018 годзе ў Гомлі на экспэртных пасяджэньнях, якія папярэднічалі сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі, Сяргей Мірны пачаў лабіяваць актывізацыю супрацы Беларусі і Ўкраіны ў чарнобыльскім турызьме.
«Калі я пачаў займацца турызмам, то я пачаў разумець, што трэба інтэграваць і сумежную тэрыторыю. Турысты таксама хочуць трапіць у беларускую чарнобыльскую зону — там запаведнік, які існуе больш за 30 гадоў, там лепш назіраць жывёлаў, там цікавы агратэхнічны досьвед. Людзі туды хочуць, а мы сутыкнуліся з тым, што гэта практычна немагчыма — лягістычна страшэнна складана і нязручна».
Найпершая праблема ў тым, што з украінскай чарнобыльскай зоны немагчыма трапіць наўпрост у беларускую. «Электрычка, якая курсуе між Чарнобыльскай АЭС і Славуцічам, праяжджае праз тэрыторыю Беларусі, але там не спыняецца і, адпаведна, няма памежнага і мытнага кантролю. Ёсьць цудоўная дарога між ЧАЭС і Славуцічам, але там мае права праезду толькі спэцтранспарт Чарнобыльскай АЭС. Турысты туды не трапляюць. Каб з украінскай трапіць у беларускую чарнобыльскую зону, трэба дабрацца да Кіева, адтуль да Славуціча, потым ехаць на КПП, дзе вялікія чэргі на перасячэньне мяжы. І гэта праблема».
«Я заняўся гэтым пытаньнем і прааналізаваў, якія былі б плюсы, калі б удалося інтэграваць беларускі і ўкраінскі чарнобыльскі турызм. Пакуль нічога не вырашаецца, але я спадзяюся, што ідэя сасьпявае, аналіз зроблены, тэма вынесеная на паверхню, і з часам усё інтэгруецца і будзе надзвычайна выгадна і Ўкраіне, і Беларусі», — перакананы Сяргей Мірны.
Паводле яго, чарнобыльскі турызм выконвае ня толькі функцыю эканамічнага аднаўленьня прылеглай да чарнобыльскай зоны тэрыторыі. «Гэта яшчэ і псыхалягічная падтрымка пацярпелых, мясцовых жыхароў. Гэта вялікая адукацыйная роля, бо ўрокі Чарнобылю трэба вывучаць. А дзе іх лепш вывучаць, як не на месцы аварыі?»
Каранавірус пераключыў на іншую дзейнасьць
Карантынныя абмежаваньні праз распаўсюджаньне каранавірусу фактычна спынілі турыстычныя патокі ў Чарнобыль. Чым цяпер займаюцца адмысловыя турыстычныя кампаніі?
«У нас была адмысловая праграма эканамічных тураў, і гэтая дзейнасьць перарасла рамкі турыстычнага бізнэсу. Мы заснавалі новы стартап — Чарнобыльскі ўнівэрсытэт, які якраз зьяўляецца шматдысцыплінарнай плятформай для навучаньня і інтэграцыі намаганьняў дасьледнікаў і выкладчыкаў. Да нас прыяжджаюць з Амэрыкі, Эўропы. Адзін з фарматаў — мы разам з прафэсарамі папярэдне распрацоўваем праграмы курсу, яго зьмест. Потым групы прыяжджаюць са сваім выкладчыкам, і цягам некалькіх дзён яны тут вучацца, наведваюць чарнобыльскую зону, прылеглыя раёны, навуковыя ўстановы ў Кіеве, горад Славуціч».
Як жартуюць у Асацыяцыі чарнобыльскіх турапэратараў, цяпер добры час, каб разьвіваць іншыя, сацыяльныя напрамкі. З гэтага году вырашылі праводзіць бясплатныя экскурсіі для ліквідатараў і жыхароў прылеглых да зоны адчужэньня тэрыторый.
«Мы займаемся падрыхтоўкай чарнобыльскіх гідаў, якія будуць неабходныя, займаемся шэрагам сацыяльных, культурных праектаў. Мы актыўна прасоўваем ідэю наданьня чарнобыльскім месцам і аб’ектам статусу сусьветнай спадчыны UNESCO. Наш дасьледніцкі аддзел быў першым ініцыятарам гэтага працэсу. Чатыры гады мы „грызьлі“ галовы нашых розных дзяржаўных інстытуцый, бо гэта можа ініцыяваць толькі дзяржава як удзельніца ААН. І некалькі месяцаў таму ўжо заявілі, што Ўкраіна накіруе адпаведную папярэднюю заяўку ў UNESCO».
Першай сваёй перамогай на гэтым шляху чарнобыльскія турапэратары лічаць уключэньне антэны «Дуга» ў Дзяржаўны рэестар нерухомых помнікаў Украіны.
«Гаворка пра велізарную антэну колішняй савецкай вайсковай базы, якая павінна была адсочваць пускі амэрыканскіх балістычных ракет зь ядзернымі боегалоўкамі. Уражваючай прыгажосьці збудаваньне, помнік навукі і тэхнікі, помнік халоднай вайны, які яшчэ нядаўна хацелі расьпілаваць на мэталалом, але мы яе адстаялі. Гэты аб’ект не зьвязаны з Чарнобылем, але знаходзіцца на чарнобыльскай тэрыторыі, якая яго і выратавала, бо некалькі падобных збудаваньняў проста зьнесьлі выбухам, а ў чарнобыльскай зоне гэтага нельга рабіць, таму антэна перажыла 90-ыя гады, і я ганаруся, што напярэдадні 35-й гадавіны аб’ект атрымаў нацыянальны прыродаахоўны статус і яе цяпер ніхто ня сьпіліць. Такая драматычная і цікавая гісторыя», — адзначыў Сяргей Мірны.