Пра гэта заявіла ў пятніцу кіраўніца Эўракамісіі Урсуля фон дэр Ляен падчас наведваньня заводу па вытворчасьці вакцын Pfizer ў бэльгійскім Пуурсе, піша DW. Паводле яе слоў, гэтай колькасьці хопіць ня толькі для правядзеньня першаснай прышчэпачнай кампаніі, але і для рэвакцынацыі.
Такім чынам, Эўразьвяз павялічвае стаўку на вакцыну супраць COVID-19, заснаваную на тэхналёгіі інфармацыйнай РНК. Фон дэр Ляен, сама будучы дыплямаваным лекарам, вельмі станоўча адгукнулася аб гэтай вакцынавай тэхналёгіі, назваўшы яе «вельмі гнуткай».
Іншыя прэпараты, такія як AstraZeneca, Johnson & Johnson і расійскі «Спутнік V», створаныя на падставе больш звыклай тэхналёгіі вірусных вэктараў. AstraZeneca ня толькі прайграе Pfizer паводле паказьніка эфэктыўнасці вакцыны (70 супраць 95 працэнтаў), але таксама з пункту гледжаньня пабочнага (хоць і надзвычай рэдкага) эфэкту ў выглядзе трамбозу.
Да таго ж AstraZeneca — паводле прадстаўнікоў ЭЗ — не прытрымліваецца дамоўленасьці аб пастаўках. У другім квартале сёлета замест абяцаных 300 мільёнаў доз яна зьбіраецца перадаць Эўразьвязу толькі 70 мільёнаў. З гэтай прычыны Эўракамісія разглядае магчымасьць падачы пазову супраць брытанскай кампаніі, хоць канчатковага рашэньня на гэты конт яшчэ не прынятае.
Нягледзячы на затрымкі з вакцынацыяй у краінах ЭЗ, фон дэр Ляен захоўвае аптымізм: на яе думку, да сярэдзіны лета Эўразьвз выканае плян па вакцынацыі 70 адсоткаў дарослага насельніцтва. Апошнім часам тэмпы кампаніі прышчэпак у Эўропе паскорыліся: у цяперашні час кожны чацьвёрты жыхар ЭЗ атрымаў першую дозу вакцыны супраць каранавірусу, а дзьве дозы атрымаў кожны дзясяты.
Эфэктыўнасць Pfizer была даказаная ня толькі ў выніку першасных клінічных дасьледаваньняў, але і на практыцы: пасьля таго як у Ізраілі дзьве дозы Pfizer атрымалі больш за 90 працэнтаў дарослых жыхароў краіны, колькасьць актыўных выпадкаў інфэкцыі COVID-19 абвалілася да рэкордна нізкага з пачатку пандэміі ўзроўню — каля дзьвюх тысячы на ўсё ізраільскае насельніцтва, якое складае звыш дзевяці мільёнаў чалавек.
У пачатку студзеня фон дэр Ляен паведамляла, што ЭЗ пакуль не плянуе закупляць расейскую вакцыну, паколькі «партфэль заказаў і так пакрывае 2,3 мільярда доз». Нядаўна прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што «Спутнік» не паскорыць тэмпы вакцынацыі ў ЭЗ, паколькі гэты прэпарат пакуль нават не ўхвалены да ўжываньня, а нават калі гэта і здарыцца, спатрэбіцца час на яго вытворчасьць. Цяпер у ЭЗ дапушчаныя да прымяненьня вакцыны кампаній Pfizer / BioNTech, Moderna, AstraZeneca і Johnson & Johnson.