Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BYPOL паведаміў пра самагубства ў Воршы падпалкоўніка міліцыі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

BYPOL, грамадзкая ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў, паведаміла ў сваім тэлеграм-канале пра самагубства, якое ўчыніў у Воршы падпалкоўнік міліцыі Руслан Кавальчук.

Паводле зьвестак ініцыятывы, 21 красавіка каля 12.00 у сваім службовым кабінэце застрэліўся з табэльнага пісталета начальнік групы наркакантролю і процідзеяньня гандлю людзьмі Аршанскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Кавальчук Руслан Уладзімеравіч, 1984 году нараджэньня.

Паведамляецца, што ў сувязі са здарэньнем у 13.30 у Аршанскі РАУС прыбыў начальнік УУС Віцебскага аблвыканкаму Любімаў, а праз гадзіну — міністар унутраных спраў Кубракоў.

Пазьней дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла са спасылкай на прадстаўніцу Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Аксану Лазько, што цела супрацоўніка знайшлі ў службовым кабінэце і што вядзецца праверка.

Паводле інфармацыі, якую атрымаў BYPOL, яшчэ ўчора Кaвальчука бачылі жыцьцярадасным у таварыстве жонкі і дзяцей, якія каталіся на роварах. Раніцай у сераду ён узяў удзел у занятках па фізычнай падрыхтоўцы, атрымаў табэльную зброю, ня выявіўшы ў паводзінах нічога дзіўнага.

Пазьней яго знайшоў мёртвым падначалены, які зайшоў удакладніць рабочую інфармацыю. Стрэлу практычна ніхто ня чуў, што можа быць растлумачана таўшчынёй сьцен у будынку РАУС і падвойнымі жалезнымі дзьвярыма ў службовы кабінэт Кавальчука.

Па факце самагубства Кавальчука цяпер праводзіцца службовая праверка пад асабістым кантролем міністра Кубракова, паведамляе BYPOL.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG