Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На БелТА ёсьць гэтыя матэрыялы». Галоўнага рэдактара партала NewGrodno аштрафавалі за распаўсюд «экстрэмізму»


Ігар Бублікаў у судзе.
Ігар Бублікаў у судзе.

Галоўнага рэдактара горадзенскага партала NewGrodno Ігара Бублікава (Рэмзіка) аштрафавалі на 725 рублёў. Пастанаўленьне вынес суд Ленінскага раёну Горадні 12 красавіка.

Суд вырашыў, што Ігар Бублікаў вінаваты ў распаўсюдзе матэрыялаў з тэлеграм-каналу, які беларускія ўлады летась прызналі экстрэмісцкім. Сыстэмны блёк кампутара Бублікава, які раней забралі падчас агляду, суд пастанавіў канфіскаваць.

Матэрыялы з гэтага тэлеграм-каналу апублікавалі на партале NewGrodno 17 жніўня мінулага году ў артыкуле «Што адбываецца на беларускіх прадпрыемствах у панядзелак». У «экстрэмісцкім» відэа быў выступ Аляксандра Лукашэнкі. Ленінскі РАУС Горадні расцаніў гэта як парушэньне часткі 2 артыкулу 17.11 КаАП у рэдакцыі 2003 году.

Справу разглядаў судзьдзя Руслан Гурын. Падчас працэсу прысутнічаў прадстаўнік УУС Горадзенскага аблвыканкаму Андрэй Пігульскі.

Бублікаў прызнаў віну часткова. Ён патлумачыў, што сапраўды разьмясьціў відэа са згаданага тэлеграм-каналу. Калі беларускія ўлады ўнесьлі яго ў сьпіс забароненых матэрыялаў 20 кастрычніка мінулага году, Бублікаў выдаляў са свайго парталу ўсё, што падпала пад «экстрэмісцкія матэрыялы».

«Я яго проста тэхнічна не заўважыў. Калі б я заўважыў, з задавальненьнем бы яго выдаліў... У кожнага бываюць памылкі. Гэта не было зроблена спэцыяльна, для распаўсюду», — патлумачыў Бублікаў.

Ён расказаў, што ўсяго гэты артыкул праглядзелі 1030 разоў. Апошні раз на яго заходзілі 21 жніўня, калі тэлеграм-канал яшчэ лічыўся беларускімі ўладамі дазволеным. Потым гэты артыкул ніхто не чытаў ажно да студзеня, калі справай занялася міліцыя.

«На Youtube-канале БелТА дагэтуль засталіся матэрыялы з гэтага тэлеграм-каналу. Я іх не вінавачу. Проста тлумачу, што тэхнічна цяжка ўсё выдаліць», — прывёў прыклад Бублікаў.

Ігар Бублікаў пасьля суду.
Ігар Бублікаў пасьля суду.

Сёлета 29 студзеня ў Бублікава дома прайшоў агляд, у яго забралі сыстэмны блёк кампутара.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG