Сьледчыя дзеяньні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Як паведамляе «Вясна», на 10 гадзін раніцы на допыт у Цэнтральны апарат Следчага камітэту выклікалі ў якасьці сьведкі старшыню Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага.
Але допыт не адбыўся. Як паведаміла «Вясна», Алесь Бяляцкі запатрабаваў допыт і пратакол допыту па-беларуску. У выніку сьледчыя дзеяньні былі перанесеныя на пятніцу, 9 красавіка.
Выклікаюць на допыты таксама праваабаронцаў у Сьветлагорску і Мазыры. Фактычна за сакавік-красавік праз допыты і затрыманьні ў справе «Вясны» прайшлі некалькі дзясяткаў праваабаронцаў, валянтэраў і журналістаў у многіх гарадах Беларусі.
16 лютага ў рамках крымінальнай справы адбыліся дзясяткі ператрусаў у сяброў арганізацыі, а таксама ў офісах «Вясны» ў Менску, а таксама дома ў старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага.
Раней былі затрыманыя і знаходзяцца ў сьледчых ізалятарах праваабаронцы і валянтэры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Менск), Леанід Судаленка (Гомель) і Тацяна Ласіца (Рэчыца).