Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: Пратэставы рух у Беларусі ніколі не згасаў


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская лічыць, што пратэставыя настроі ў Беларусі нікуды ня зьніклі, выказваецца за пачатак дыялёгу паміж беларускім грамадзтвам і рэжымам і канстатуе нестабільнасьць унутры сілавых структураў.

Сьвятлана Ціханоўская дала інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время». Прапануем асноўныя фрагмэнты.

Аб пратэстах і пратэставых настроях


— У сучасных рэаліях я бачу тэндэнцыю блытаць паняцьці «пратэст» — і «маршы» ці «дэманстрацыя». Гэта крыху розныя рэчы. Пратэставы рух у Беларусі ніколі не згасаў. Тое, што людзі пры такім узроўні рэпрэсій і гвалту з боку ўладаў працягваюць шукаць новыя формы — гэта так. Але няма цяпер магчымасьці ў людзей выходзіць масава на вуліцы, таму што ўся бранятэхніка выведзена, па вуліцах у сьвяточныя дні шпацыруе толькі АМАП і закансьпіраваныя супрацоўнікі ведамасных структураў.

Але людзі ўсё роўна выходзілі, людзі бачылі адзін аднаго. Нам таксама падалося, што неяк змаглі запалохаць да такой ступені, што людзі наогул ня выйшлі. Але на самой справе гэта ня так. Я потым атрымлівала вельмі шмат паведамленьняў: «Мы сустрэліся, мы ўбачылі вочы адзін аднаго». Так, нам прыйшлося рабіць гэта трошкі таемна, мы выходзілі без сымболікі. Але калі ты ідзеш і бачыш чалавека, і ловіш яго погляд — ты разумееш, што «я цябе бачу», што «мы тут». У людзей вельмі добрыя ўражаньні засталіся адзін ад аднаго і ад 25 і 27 сакавіка.

Усё працягваецца, пратэст нікуды ня зьнік, людзі не здаюцца і не здадуцца. Таму што ў людзей ёсьць дакладнае разуменьне, што беззаконьне пара спыняць. І, нягледзячы на ўзровень рэпрэсій, людзі акрыялі духам з прыходам вясны.

Пра страйкавы рух

— Выхад на вуліцы — гэта толькі адна з формаў пратэсту, хоць, яшчэ раз паўтараю, яна вельмі важная. Але таксама важныя і страйкі на заводах, на прадпрыемствах. У нас ужо працоўныя аб’ядноўваюцца ў страйкавы камітэт, арганізоўваюць кааліцыі, яны разумеюць, што страйкавы рух рабочых вельмі важны. Ёсьць нашы неверагодныя двары, якія абʼядноўваюцца і дзейнічаюць ужо па сваіх плянах.

Пра ролю міжнароднай супольнасьці

— Мы не перастаем заклікаць міжнародную супольнасьць, паказваць сваю пазыцыю што да беззаконьня ў нашай краіне, адстойваць тыя каштоўнасьці, на якіх заснавана дэмакратыя, правы чалавека, свабода выбару, і працягваць палітычны, эканамічны ціск на рэжым. Мы гэта робім толькі з адной мэтай: каб правесьці перамовы, пачаць дыялёг паміж грамадзянскай супольнасьцю і рэжымам, каб вывесьці краіну з крызісу. І, я думаю, велізарная адказнасьць ляжыць на беларусах, але ня менш вялікая адказнасьць — і на дэмакратычных краінах.

Пра тое, хто можа браць удзел у перамовах

— Стварэньне перамоўнай пляцоўкі — гэта працэс. Мы пачалі яго абмяркоўваць яшчэ ўвосень, але вельмі шмат фактараў уплывае на арганізацыю перамоўнай пляцоўкі. Але, вядома ж, у нашых інтарэсах, у інтарэсах усёй краіны і бліжэйшых краін пачаць гэты дыялёг як мага хутчэй. Таму цяпер у інтэнсіўным тэмпе гэта ўсё абмяркоўваецца і арганізуецца гэтая пляцоўка для перамоваў.

... Мы хочам зрабіць гэтую пляцоўку максымальна інклюзіўнай. Вядома, мы хацелі б бачыць за круглым сталом прадстаўнікоў нашых краінаў-суседзяў, вядома ж, прадстаўнікоў АБСЭ і прадстаўнікоў наогул любой краіны, якія зацікаўленыяў падтрымцы Беларусі. Каб гэты дыялёг стаў максымальна адкрытым, сумленным і празрыстым.

Пра тэлефонную гутарку Мэркель, Макрона і Пуціна і ўзьнятую на ёй тэму Беларусі


— Я не магу раскрываць вынікі гэтых кантактаў, інфармацыя канфідэнцыйная. Але і раней былі спробы ўсталяваньня сувязі з прадстаўнікамі рэжыму ў Менску. І ўсе мы памятаем гісторыю, калі нелегітымны прэзыдэнт не адказаў спадарыні Мэркель.

Але гэта нас не спыняе, мы павінны шукаць новыя спосабы, каб пачаць гэты дыялёг. І калі лідэры Францыі, Нямеччыны вырашылі абмеркаваць пытаньне Беларусі зь лідэрам Расейскай Фэдэрацыі, дык гэта таксама магчымасьць. Чаму не?

Пра рэформу Канстытуцыі, прапанаваную Лукашэнкам


— Нелегітымны прэзыдэнт краіны ня можа праводзіць ніякія канстытуцыйныя рэформы. Нават калі прыняць да ўвагі, што абмяркоўваюцца нейкія зьмены ў Канстытуцыю. Кім яны абмяркоўваюцца? Што гэта за вузкае кола абраных людзей, якія абмяркоўваюць Канстытуцыю? Дзе самая галоўная сіла Беларусі — народ? Дзе ён у гэтым абмеркаваньні?

Пра фільм «Манкурты»


— Мяркуючы па ўсім, гэты фільм накіраваны, хутчэй за ўсё, на чарговае застрашваньне работнікаў сілавых структураў. Але, мне здаецца, ён спрацаваў зусім у процілеглы бок. Стала відавочна, што ніякага адзінства ў сілавых структурах няма, што там раскол, там многія супрацоўнікі ў разгубленасьці. І больш за тое, мы ведаем, што работнікі гэтых самых сілавых структураў і іншых ведамстваў таксама хацелі б выхаду з эканамічнага, палітычнага і гуманітарнага крызісу.

Вядома, яны таксама адчуваюць страх, таму што рэжым бязьлітасны. Але мы атрымліваем пастаянна інфармацыю — аўдыёзапісы, відэа, дакумэнты — пра тое, што там усё вельмі-вельмі нестабільна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG