Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон і Мэркель у перамовах з Пуціным выступілі за свабодныя выбары ў Беларусі


Сытуацыя ў Беларусі стала адной з тэмаў перамоваў, якія прайшлі вечарам 30 сакавіка паміж канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель, прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, інфармуе БелаПАН.

Сустрэча была арганізаваная ў фармаце відэаканфэрэнцыі.

«Што да Беларусі, бундэсканцлер і францускі прэзыдэнт выказаліся за нацыянальны інклюзіўны працэс дыялёгу і свабодныя выбары», — гаворыцца ў рэлізе прэс-сакратара ўрада ФРГ Штэфэна Зайбэрта.

Прэс-служба Елісейскага палаца абмежавалася адным сказам: «Таксама закраналася сытуацыя ў Беларусі, дзе адзначаецца неабходнасьць інклюзіўнага дыялёгу».

«Пры абмеркаваньні становішча ў Беларусі Ўладзімір Пуцін адзначыў недапушчальнасьць вонкавага ўмяшаньня ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы», — паведаміла прэс-служба Крамля.

Мэркель і Макрон раней сустракаліся зь беларускай дэмакратычнай лідэркай Святланай Ціханоўскай. Перамовы францускага прэзыдэнта зь ёй прайшлі 29 верасьня мінулага года ў Вільні. «Ён паабяцаў нам зрабіць усё, каб дапамагчы ў перамовах аб вырашэньні палітычнага крызісу ў нашай краіне», — заявіла Ціханоўская па выніках сустрэчы.

Канцлерка Нямеччыны прыняла Ціханоўскую 6 кастрычніка ў Бэрліне. Беларуская дэмакратычная лідэрка падкрэсьліла на перамовах, што пратэсты — гэта не барацьба супраць Расеі ці Эўропы, а наступства ўнутрыбеларускага крызісу, і галоўная мэта народу зараз — новыя выбары. Важна, каб яны былі праведзеныя ў хуткім часе, бо 26 гадоў народ жыў пад націскам і трываць яго больш ня мае намеру, сказала Ціханоўская.

Сытуацыі ў Беларусі Мэркель прысьвяціла відэазварот да суграмадзян 6 лютага. «Мужныя людзі ў Беларусі на працягу паўгода штотыдзень выходзяць на вуліцы Менску і многіх іншых гарадоў па ўсёй краіне. Яны дэманструюць сваю пазыцыю мірна і з годнай захапленьня вытрымкай супраць фальсыфікацыі выбараў, за палітычныя зьмены і глыбокія пераўтварэньні ў сваёй краіне», — адзначыла Мэркель.

  • Макрон і Пуцін неаднаразова абмяркоўвалі крызіс у Беларусі падчас двухбаковых перамоваў. Паведамленьні пра гэта зьяўляліся, у прыватнасьці, 12 і 18 жніўня, 14 і 30 верасьня 2020 году.
  • Нямеччына і Францыя не прызналі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і выступаюць за перамовы аб новых выбарах пры пасрэдніцтве АБСЭ. У верасьні мінулага году Макрон заявіў, што Аляксандр Лукашэнка «мусіць сысьці».
  • Расея, наадварот, лічыць Лукашэнку законна абраным прэзыдэнтам і не вядзе перамовы з Ціханоўскай, нягледзячы на яе гатоўнасьць да іх. Пры гэтым усе бакі заяўляюць пра недапушчальнасьць вонкавага ўмяшаньня ва ўнутрыбеларускую сытуацыю.
  • Улады ў Менску адмаўляюцца ад перамоваў пра транзыт улады. 20 жніўня мінулага году Макрон пасьля сустрэчы з Мэркель заявіў, што Пуцін ня супраць пасярэдніцтва АБСЭ, але Лукашэнка пакуль ня хоча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG