«На мінулым тыдні мы абвясьцілі першых удзельнікаў, якіх запрашаем у ліпені на юбілейны фэстываль. Аднак хваля зваротаў, якія масава пачалі атрымліваць артысты ў сваіх акаўнтах, стварыла непрыемнае напружаньне і перашкаджае працэсу падрыхтоўкі. Эмацыйны ціск змушае творчых людзей мяняць прынятыя рашэньні», — гаворыцца ў заяве дырэкцыі ў Інстаграме.
Арганізатары імпрэзы нагадваюць, што сёлета «Славянскі базар» адзначыць 30-годзьдзе, таму хацелася сустрэць юбілей у сяброўскай атмасфэры.
«Масавыя інфармацыйныя ўкіды ў сацыяльных сетках не павінны азмрочыць сустрэчу артыста і па-сапраўднаму шчырага гледача, а падарыць доўгачаканую радасьць зносінаў. Творчасьць і ўзаемная павага заўсёды вызначалі фэстывальную атмасфэру Віцебску», — гаворыцца ў паведамленьні.
Пасьля таго як арганізатары фэстывалю апублікавалі сьпіс удзельнікаў, людзі пачалі пісаць артыстам у сацсеткі з просьбай не прыяжджаць на «Славянскі базар» у той час, калі тысячы беларусаў затрыманыя і асуджаныя.
Некаторыя выканаўцы запэўнілі, што не зьбіраюцца ў Беларусь і падтрымліваюць народ у яго барацьбе. Сярод іх — гумарыст Міхаіл Галусьцьян і лідэр гурту «Рондо» Аляксандар Іваноў з Расеі, а таксама ўкраінская выканаўца Maruv.
Цімур Мірашнічэнка, які больш за 10 гадоў быў на «Славянскім базары» вядоўцам ад Украіны, заявіў, што сёлета не прыедзе на фэстываль.
«Усе гэтыя гады гэта была гісторыя пра музыку. Аж да гэтага году, калі сытуацыя ў Беларусі напружылася настолькі, што наўрад песенны фэстываль можа застацца ўбаку ад палітыкі», — напісаў ён у «Інстаграме».