Хто такі Мікіта Залатароў
Падлетка затрымалі 11 жніўня 2020 году. Міліцыя абвінаваціла яго ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» і незаконных дзеяньнях з гаручымі рэчывамі («кактэйлі Молатава»).
Падчас утрыманьня ў СІЗА падлетак, які хварэе на эпілепсію, скардзіўся, што міліцыянты і супрацоўнікі ізалятара яго білі. На судзе ён заяўляў, што яму не даюць лекаў і кажуць: «Ты палітычны, здохнеш».
Разам зь Мікітам па справе праходзілі жыхар Гомельскага раёну Леанід Кавалёў і жыхар Добрушу Дзьмітрый Карнееў.
Суд пакараў Мікіту Залатарова калёніяй на 5 гадоў, Дзьмітрыя Карнеева — на 8 гадоў, Леаніда Кавалёва — на 6 гадоў.
Усе трое, па словах пракурора, адрэагавалі на заклікі з тэлеграм-каналаў і таму ўзялі ўдзел у «масавых беспарадках», якія суправаджаліся «пагромамі, падпаламі, збройным супрацівам прадстаўнікам улады».
Дзяржаўны абвінаваўца зазначаў, што Кавалёў спрабаваў «наўмысна правесьці відэазапіс», каб потым разьмясьціць яго ў інтэрнэце з «мэтай прапаганды злачыннай дзейнасьці». Абвінавачаныя «дзейнічалі сумесна і ўзгоднена, і зрабілі пагрозу гвалту над супрацоўнікамі міліцыі як помсты за выкананьне службовай дзейнасьці».
Што цяпер з падлеткам
«Тыдзень таму мяне выклікалі ў СІЗА як законнага прадстаўніка Мікіты, бо ён непаўналетні. Аказалася, што сын нібыта напаў на канваіра, зрабіў яму падсечку і пачаў душыць. Мікіта кажа, што не рабіў гэтага! Гэта проста трызьненьне нейкае. Мікіта мае вагу 45 кіляграмаў — як ён мог напасьці на здаровага канваіра, прычым іх жа водзяць у кайданках? Сын скардзіўся, што ён ня можа дапрасіцца лекаў ад эпілепсіі. А яны яму неабходныя, ён мусіць іх прымаць рэгулярна. Калі ён прапускае прыём — то могуць пачацца зьмены ў паводзінах! Я прашу яго: „Сыночак, яны будуць цябе правакаваць — трымай сябе ў руках!“. Яму не даюць спуску — увесь час прэсуюць, чапляюцца да кожнай дробязі. Ён на гэтых сьледчых дзеяньнях быў з паголенай галавой. Я яго разьдзеў, агледзеў. Гематомы былі на губе і на шыі», — расказаў Міхаіл Лапуноў.
Ён кажа, што сын у прыгнечаным стане, бо «ўвесь час ідзе псыхалягічны ціск». «Сядзіць у адзіночнай камэры. Гэта проста край! Нібыта небясьпечны злачынца...», — дадаў тата.