Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму гарачай вясны не будзе


Затрыманьне на плошчы Бангалор у Менску 27 сакавіка 2021
Затрыманьне на плошчы Бангалор у Менску 27 сакавіка 2021

З даўніх часоў Дзень Волі быў індыкатарам палітычных настрояў пратэставай часткі грамадзтва. Па тым, наколькі масава і актыўна людзі выходзілі на вуліцу ў гэты дзень, можна было даваць прагнозы на палітычную вясну. Тым больш актуальна гэта было сёлета.

Сьцісла:

  • Чаканьні адных і асьцярогі другіх не апраўдаліся. Масавых акцый не адбылося.
  • Масавы пратэст па самой сваёй прыродзе ня можа быць «гульнёй удоўгую».
  • Маштабныя рэпрэсіі робяць сваю справу. Цана выхаду на вуліцу цяпер моцна ўзрасла ў параўнаньні з мінулым годам.
  • Выразна бачна дэмабілізацыя і дэпалітызацыя грамадзтва ў параўнаньні з мінулым годам.
  • Апошнія месяцы адбываецца масавая палітычная эміграцыя зь Беларусі.
  • Пратэставыя настроі, недавер грамадзтва да ўладаў нікуды не падзеліся. І ніхто ня ведае, як і калі гэта можа стрэліць.

Было шмат чаканьняў паўтарэньня пратэставага выбуху мінулага году. Чакалі ўсе: улада, яе апанэнты, замежныя суб’екты. Некаторыя лідэры пратэсту, у прыватнасьці Павал Латушка заклікалі на Дзень Волі выходзіць на вуліцы.

Пра гарачую вясну казаў старшыня КДБ Іван Тэртэль. Аляксандар Лукашэнка неаднаразова прагназаваў і папярэджваў пра «пратэстуноў», якія не супакояцца і яшчэ шмат будуць хадзіць па вуліцах. Таму дзяржаўныя мэдыі пужалі народ правакацыямі, тэрарыстамі, нібыта знойдзенымі складамі з выбухоўкай. 25 і 27 Менск быў наводнены сілавікамі.

Але чаканьні адных і асьцярогі другіх не апраўдаліся. Былі лякальныя шпацыры, партызанскія флэшмобы (бел-чывона-белыя сьцягі на будынках, фаервэркі і інш.). Масавых акцый не адбылося. І гэта галоўная выснова. Паўтарэньня гарачага лета і восені мінулага году ня будзе.

У чым прычыну спаду пратэсту? Іх некалькі.

1. Рэвалюцыйны выбух — дастаткова рэдкая зьява ў гісторыі. Каб ён адбыўся, патрэбен зьбег шматлікіх спрыяльных абставін. Такое здарылася ў 2020 годзе. У пэўным сэнсе такі пэрыяд застаўся ззаду.

2. Масавы пратэст па самой сваёй прыродзе ня можа быць «гульнёй удоўгую». Трымаць вялізныя групы людзей у стане эмацыянальнага накалу доўга не магчыма.

3. Маштабныя рэпрэсіі робяць сваю справу. Цана выхаду на вуліцу цяпер моцна ўзрасла ў параўнаньні з мінулым годам. Летам і восеньню 2020 году людзі ня так моцна баяліся затрыманьняў — шмат хто думаў, што ўсё гэта ненадоўга, хутка ўсё абрынецца. Цяпер сытуацыя іншая.

4. Удзел у вулічных акцыях патрабуе моцнай матывацыі. Адной эмацыйнай рэакцыі недастаткова. Людзі павінны разумець сэнс рызыкі, бачыць наперадзе практычны вынік. Летам і восеньню, на тле маштабных акцый людзі спадзяваліся, што пад ціскам вуліцы Лукашэнка можа сысьці ў адстаўку, пачне перамовы, можна дамагчыся новых выбараў. Цяпер такія надзеі мінімізаваліся.

Выразна бачна дэмабілізацыя і дэпалітызацыя грамадзтва ў параўнаньні зь мінулым годам. Скарацілася колькасьць спажыўцоў незалежных мэдыяў. У пікавы момант 2020 году на плятформе «Голас» зарэгістраваліся і ўдзельнічалі ў галасаваньні каля 1,5 млн чалавек. А цяпер прагаласавалі ў падтрымку закліку Сьвятланы Ціханоўскай да перамоваў паміж уладамі і іх апанэнтамі толькі звыш 700 тысяч грамадзян.

5. Апошнія месяцы адбываецца масавая палітычная эміграцыя зь Беларусі. Зьяжджаюць, хаваюцца ад перасьледу самыя актыўныя.

6. Частка людзей, якія не зьяўляюцца прыхільнікамі рэжыму, моцна рэагуюць на палітычную моц. Іх паводзіны залежны ад сілы палітычных суб’ектаў. У жніўні-кастрычніку 2020 год пратэстуючае грамадзтва прадэманстравала сілу, улада апынулася ў абароне, і гэтая частка падтрымала таго, хто дамінаваў.
Цяпер усё памянялася, сілу дэманструе ўлада. І гэтыя людзі можа і не перакінуліся на другі бок, аднак не гатовыя супрацьстаяць уладнай моцы. Кіроўны рэжым атрымаў пэўны псыхалягічны пералом.

Але цяпер у беларускіх незалежных мэдыях папулярная мэтафара, якая характарызуе грамадзка-палітычную сытуацыю: пажар на тарфяніку. Глыбока ўнутры горача, а на паверхні відаць толькі лёгкі дымок. Пратэст працягваецца, але ў іншых формах, якія непасрэдна не пагражаюць панаваньню Лукашэнкі. Пратэставыя настроі, недавер грамадзтва да ўладаў нікуды не падзеліся. І ніхто ня ведае, як і калі гэта можа стрэліць. Самы верагодны момант абвастрэньня палітычнай сытуацыі — гэта найбліжэйшая электаральныя кампанія на мяжы 2021-2022 гадоў (мясцовыя выбары і рэфэрэндум па Канстытуцыі).

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG