Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты паведамілі пра рэзкае пагаршэньне здароўя Навальнага


Аляксей Навальны, архіўнае фота
Аляксей Навальны, архіўнае фота

Адвакаты расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага, Вольга Міхайлава і Вадзім Кобзеў, паведамілі пра рэзкае пагаршэньне стану здароўя іх падабароннага, які адбывае тэрмін зьняволеньня ў калёніі гораду Пакроў Уладзімірскай вобласьці.

Са словаў Міхайлавай і Кобзева, з канца мінулага тыдня апазыцыянэр адчувае моцныя болі ў сьпіне. Акрамя таго, ён скардзіўся, што ў яго адымаецца нага. Пры гэтым, паводле адвакатаў, да гэтага часу Навальны атрымаў толькі дзьве таблеткі абязбольвальнага прэпарату «Ібупрафэн».

У сераду адвакатаў Навальнага не пусьцілі да падабароннага. Паводле іх, спатканьне было прызначана на 13 гадзін, аднак да вечара Міхайлава і Кобзеў заставаліся па-за тэрыторыяй калёніі.

Адміністрацыя папраўчай установы патлумачыла нядопуск нейкімі «рэжымнымі мерапрыемствамі». У камандзе Навальнага адзначаюць, што гэта першы выпадак за час арышту апазыцыянэра, калі адвакаты не змаглі трапіць да яго ў прызначаны дзень. Паплечнікі палітыка мяркуюць, што яго маглі шпіталізаваць, а адміністрацыя калёніі можа гэта хаваць.

  • Летам мінулага году Навальны быў атручаны падчас паездкі ў Сібір. Ён і ягоныя прыхільнікі ўпэўненыя, што на яго зрабілі замах расейскія ўлады. Акрамя таго, было апублікавана расьсьледаваньне пра датычнасьць расейскіх спэцслужбаў да спробы атруціць Навальнага. Крэмль гэта адмаўляе.
  • 2 лютага Сіманаўскі суд Масквы адправіў Аляксея Навальнага ў калёнію па крымінальнай справе 2013 году. Палітык павінен будзе правесьці ў зьняволеньні каля двух з паловай гадоў. Пакараньне ён адбывае ў папраўчай калёніі № 2 у горадзе Пакроў за 110 кілямэтраў ад Масквы.
  • Зімой у дзясятках гарадоў Расеі прайшлі масавыя акцыі ў падтрымку Навальнага, у іх узялі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек. Пасьля гэтага Сьледчы камітэт Расеі распачаў больш за сорак крымінальных спраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG